У Маладзечне прайшоў агульнаепархіяльны Дзень праваслаўнай кнігі
06 сакавіка 20176 сакавіка 2017 года ў Палацы культуры горада Маладзечна па благаславенні епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла адбыўся агульнаепархіяльны Дзень праваслаўнай кнігі, прымеркаваны да пяцісотай гадавіны выдання Бібліі Францыскам Скарынам. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Маладзечанская епархія і Палац культуры, а таксама Маладзечанскі райвыканкам і Музычны каледж імя М. К. Агінскага.
З 11 гадзін раніцы ў выставачным фае Палаца культуры пачалі сваю працу выстава рукапісных і старадрукаваных кніг са збору царкоўна-археалагічнага музея Мінскай духоўнай семінарыі, выстава кніг з фонду Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы, фотавыстава «Дарога да храма». Наведвальнікі выстаў змаглі азнаёміцца з рознымі выданнямі і набыць духоўную літаратуру.
Кульмінацыяй святочных мерапрыемстваў стала правядзенне дабрачыннай акцыі «Добрае сэрца» ў падтрымку Віялеты Банковіч і адкрыццё выстаўкі малюнкаў дзяўчынкі. Віялета пакутуе спінальна-мышачнай атрафіяй і мае патрэбу ў набыцці электракаляскі.
Адбыўся таксама ўрачысты канцэрт з удзелам царкоўных хораў і творчых калектываў Маладзечна.
У пачатку канцэрта з прывітальным словам да прысутных звярнуліся епіскап Павел і выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Алена Расціславаўна Сакалоўская.
З выступлення-экскурсу дацэнта Мінскай духоўнай семінарыі, кандыдата багаслоўя, протаіерэя Георгія Сакалова «Слова Божае для людзей — скрозь стагоддзі да нашых дзён» гледачы змаглі даведацца аб гісторыі развіцця кніжнай справы ў Беларусі.
Па заканчэнні ўрачыстай часткі з падзячным словам выступіў дырэктар Музычнага каледжа імя М. К. Агінскага Рыгор Сарока.
У заключэнне епіскап Павел падзякаваў усім за ўдзел у святкаванні Дня праваслаўнай кнігі і ў дабрачыннай акцыі ў падтрымку Віялеты Банковіч. У падарунак Віялеце архіпастыр перадаў маляўнічае выданне Бібліі для дзяцей.