У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пройдзе выстава работ удзельнікаў VI Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай», прысвечанага памяці мітрапаліта Філарэта і Году народнага адзінства
27 верасня 202128 верасня 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы, на якой будуць прадстаўлены работы ўдзельнікаў VI Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай», прысвечанага памяці мітрапаліта Філарэта і Году народнага адзінства.
Міжнародны мастацкі пленэр стаў знакавай падзеяй не толькі ў духоўным, культурным і мастацкім асяроддзі, але і садзейнічаў яднанню нацыі. Мітрапаліт Філарэт (свецкае імя Вахрамееў Кірыл Варфаламеевіч, 1935-2021 гг.) — адзін з тых, хто сваёй падзвіжніцкай дзейнасцю аб'ядноўваў і працягвае аб'ядноўваць беларускі народ, абапіраючыся на сапраўдныя духоўныя, маральныя, культурныя, патрыятычныя і маральныя каштоўнасці.
У пленэры прынялі ўдзел мастакі з трох краін — Беларусі, Расіі і Малдовы. У іх ліку вядомыя айчынныя мастакі Віктар Барабанцаў, Аляксандр Грышкевіч, Уладзімір Зленка, Васіль Зянько, Анатоль і Глеб Отчык, Вольга Рэднікіна, Ігар Гардзіёнак, Кацярына Ермакова. Сваёй манументальнасцю вылучаецца партрэт мітрапаліта Філарэта ў выкананні Юрыя Язана з Малдовы; цёплымі, залітымі сонцам, атрымаліся працы Кацярыны Раманавай з Расіі; каларытнымі краявідамі вылучаюцца карціны і яе землякоў Вадзіма Салаўёва і Паўла Зелянецкага.
На першы план у мастакоў выходзіць тэма духоўнасці, а гэта падштурхоўвае да глыбокіх разважанняў над кожным творам.
Асаблівасцю цяперашняга пленэру «Святасць зямлі Беларускай» стаў удзел у ім мастакоў-іканапісцаў, а таксама выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У рамках пленэра праведзены рэспубліканскі конкурс дзіцячых малюнкаў на тэму гісторыі і сучаснасці Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Лепшыя працы юных мастакоў будуць прадстаўлены на выставе.
Арганічным дадаткам праекта стане камерная выстава партрэтных і сюжэтных фатаграфій мітрапаліта Філарэта, сфатаграфаванага ў розныя гады. Кожная фатаграфія адлюстроўвае шматграннасць гэтага чалавека: яго веліч і прастату, міласэрнасць і строгасць, пакору і адвагу, высакароднасць і шчырасць. У ліку аўтараў фатаграфій беларускія фотамастакі Аксана Кнаус, Аляксандр Мізей, Таццяна Амеліна, Андрэй Пугач і Леанід Шчаглоў. Таксама на выставе прадстаўлены 14 эксплікацый з фотаматэрыяламі, якія адлюстроўваюць зямны шлях мітрапаліта Філарэта, які прысвяціў жыццё адраджэнню духоўных каштоўнасцяў на Беларускай зямлі.
Арганізатары праекта — Беларуская Праваслаўная Царква, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ГА «Беларускі саюз мастакоў», ГА «Беларускі саюз жанчын», ГА «Беларускі саюз журналістаў», ТАА «Белінжынірынгбудінвест».
Духаўнік пленэру — протаіерэй Віктар Перагудаў, настаяцель прыхода ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай (Івянец), лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Куратар пленэра — Глеб Отчык, старшыня Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Наведаць выставу можна будзе з 29 верасня па 10 кастрычніка 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі.