У Оршы адбыліся ўрачыстасці ў гонар Аршанскай іконы Божай Маці
19 верасня 2018Свята Аршанскай іконы Божай Маці адзначылі ў Оршы 18 верасня. Урачыстасці пачаліся з Бажэственнай літургіі ў Свята-Траецкім храме Куцеінскага мужчынскага манастыра, якую ўзначаліў благачынны Аршанскай цэнтральнай акругі протаіерэй Валерый Сярко.
У служэнні літургіі прынялі ўдзел: благачынны Чыгуначнай акругі горада Оршы протаіерэй Вячаслаў Енухоў, благачынны 1-й Аршанскай раённай акругі іерэй Вадзім Котаў, клірык Свята-Траецкага храма іерэй Алег Лагуноўскі, клірык храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы дыякан Раман Печанкоў, клірык Свята-Траецкага храма дыякан Ігар Кірык.
За богаслужэннем маліліся архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый і прадстаўнікі благачынняў Віцебскай епархіі.
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў клірык храма Нараджэння Багародзіцы іерэй Алег Семянько.
Пасля Бажэственнай літургіі адбыўся хрэсны ход са спісам Аршанскай цудатворнай іконы ад Куцеінскага манастыра да месца заснавання горада Оршы. Шэсце суправаджала перасоўная званіца.
У хрэсным ходзе прынялі ўдзел прадстаўнікі духавенства з усіх благачынняў Віцебскай епархіі, а таксама шматлікія вернікі. Абраз неслі выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба ЮНЭСКА «Русічы».
Напрыканцы хрэснага ходу архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый здзейсніў на Замчышчы малебен перад цудатворнай іконай.
Затым абраз Прасвятой Багародзіцы на маторнай лодцы праз раку Днепр быў дастаўлены ў Успенскі жаночы манастыр, дзе святыню сустрэлі сёстры абіцелі.