У Пінскай епархіі прайшоў мота-велапрабег «Праваслаўная моладзь за здаровы лад жыцця»
11 мая 2018Звыш 110 км пераадолелі ўдзельнікі духоўна-патрыятычнага мота-велапрабегу «Праваслаўная моладзь за здаровы лад жыцця», прысвечанага 73-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Прабег праходзіць у Ляхавіцкім благачынні Пінскай епархіі ўжо другі год. Арганізуе духоўна-патрыятычную акцыю брацтва ў гонар прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага пры храме Уздзвіжання святога Крыжа ў горадзе Ляхавічы. У мінулым годзе маршрут ахапіў палову тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, у гэтым годзе — другую палову.
Па благаславенню благачыннага Ляхавіцкай акругі протаіерэя Георгія Жытко з 7 па 9 мая ўдзельнікі прабегу наведалі помнікі воінам-вызваліцелям, брацкія магілы, прынялі ўдзел у мітынгах, канцэртах і шэсцях, прысвечаных Вялікай Перамозе. Ля воінскіх пахаванняў адбываліся памінальныя ліціі і абвяшчалася «Вечная памяць». Рабяты наведвалі храмы Ляхавіцкай зямлі, знаёміліся з іх гісторыяй, размаўлялі з ветэранамі.
Мота-велакалона стартавала ад памятнага знака-капліцы ў Ляхавічах, размешчанага на месцы знішчанага ў 1960-я гады храма, дзе некалі маліўся будучы прападобнамучанік Серафім Жыровіцкі, ураджэнец Ляхавіцкага краю. Далейшы маршрут прайшоў праз вёскі Задвор'е, Альхоўцы, Падсаколле, Крывошын, Ліпск, Свяціца, Тухавічы, Востраў, Малое Гарадзішча і завяршыўся ў Ляхавічах на плошчы Перамогі, дзе ўдзельнікі прабегу ўсклалі гірлянду з кветак да мемарыяла і ветэранам уручылі кветкі.
— Непасрэдна ў руху прынялі ўдзел больш за 90 чалавек на роварах, матацыклах, квадрацыклах і аўтамабілях. Таксама прабег падтрымалі байкеры з Ляхавіцкага таварыства матацыклістаў (ЛОМ). Прайшлі шлях ад старту і да самага фінішу каля 30 чалавек, астатнія ўдзельнічалі на асобных адрэзках, — распавядае старшыня брацтва прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага Серафім Жытко і дадае: — Наш прабег пазначаны як моладзевы, але на самой справе ў ім ўдзельнічалі людзі самых розных узростаў: ад 5-гадовых дзяцей да 60-70-гадовых бабуль і дзядуль. Карацей кажучы, у шлях адправіліся тыя, хто малады душой.
Арганізатары прабегу паклапаціліся аб тым, каб забяспечыць удзельнікам харчаванне і начлег. Начавалі удзельнікі акцыі па-паходнаму — на матах у спартзалах. Серафім Жытко тлумачыць:
— Мы хацелі, каб людзі наблізіліся да адчування паходнай спартанскай абстаноўкі. Гэта дапаможа маладому пакаленню глыбей усвядоміць, у якіх умовах жылі нашы продкі і якой цаной ім дасталася Перамога.
Удзельнікаў прабегу цёпла сустракалі ў вёсках.
— Мясцовыя жыхары выходзілі, хрысціліся на іконы і дзякавалі за наведванне, бо госці ў гэтых сёлах з'яўляюцца вельмі рэдка, — дзеліцца Серафім Жытко. — Сустрэчныя машыны таксама нас актыўна віталі. І вадзіцелі, і пасажыры радаваліся. Дарэчы, многія фатаграфаваліся каля вядучай машыны з абразом святога Серафіма Жыровіцкага, якая ўжо пастаянна суправаджае нас на падобных акцыях.
Арганізатары мота-велапрабегу «Праваслаўная моладзь за здаровы лад жыцця» сардэчна дзякуюць сябрам акцыі: братчыкам, прыхаджанам храмаў Ляхавіцкага благачыння, жыхарам Ляхавіцкага раёна, кіраўніцтву і супрацоўнікам мясцовых органаў улады, ДАІ, прадпрыемстваў і арганізацый, духавенству, — усім, хто аказаў дапамогу і садзейнічанне ўдзельнікам.