Урачыстым малебнам пачаліся Трэція Беларускія Калядныя чытанні

23 лістапада 2017

top.jpg

Напярэдадні адкрыцця ІІІ Беларускіх Калядных чытанняў у акадэмічным храме ў гонар свяціцеля Кірыла Тураўскага быў здзейснены малебны спеў «Аб закліку дапамогі Святога Духа перад пачаткам усякай добрай справы».

Узначаліў набажэнства епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Праасвяшчэннаму саслужылі першы прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Уладзімір Далгаполаў і іерэй Аляксій Хацееў, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускага Экзархату. Дыяканскі чын узначаліў дыякан Андрэй Бабушкін, прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі. Богаслужэбныя спевы выканаў акадэмічны мужчынскі хор пад кіраўніцтвам студэнта 2 курса магістратуры МінДА Юрыя Сіліча.

На малебен прыйшлі памаліцца і папрасіць у Госпада благаславення перад пачаткам работы інтэлектуальнага форуму ўдзельнікі Калядных чытанняў.

Па завяршэнні малебна  ўладыка павіншаваў з пачаткам такога знакавага мерапрыемства, як рэспубліканскія Калядныя чытанні, якія падводзяць вынікі адыходзячага года, і шмат у чым вызначаюць тэматыку года надыходзячага, у першую чаргу ў адукацыйнай і духоўна-асветніцкай сферы жыцця беларускага грамадства.

Таксама епіскап Веніямін пажадаў плённай працы ўдзельнікам Чытанняў у секцыях, каб ўзбагаціўшыся новымі ведамі і вопытам, яны маглі падзяліцца імі на месцах свайго служэння або працы, тым самым зрабіўшы вынікі Чытанняў карыснымі для нашай Царквы і краіны. Затым Праасвяшчэнны акрапіў кожнага з людзей, якія маліліся, святой вадой і падаў архіерэйскае благаславенне.

Church.by

Фотарэпартаж