У рэспубліканскім анлайн-семінары па праваслаўнаму краязнаўству прыняло ўдзел больш за 100 чалавек
26 лютага 202125 лютага 2021 года адбыўся V рэспубліканскі семінар «Гісторыя Праваслаўя роднага краю: вопыт і методыка вывучэння».
Арганізатарам мерапрыемства выступіў Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Рэспубліканскі форум быў арганізаваны для азнаямлення яго ўдзельнікаў з назапашаным вопытам работы і павышэння кваліфікацыі ў сферы царкоўнага краязнаўства. У сувязі з эпідэміялагічным становішчам праца семінара прайшла ў дыстанцыйным фармаце.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 100 чалавек: кіраўнікі і спецыялісты публічных бібліятэк Міністэрства культуры Беларусі, бібліятэк устаноў адукацыі, царкоўных бібліятэк, бібліятэк іншых міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі структур Беларускай Праваслаўнай Царквы, навукоўцы, выкладчыкі ўстаноў сярэдняй агульнай, спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, гісторыкі, краязнаўцы, архівісты, святары.
Працу форуму ўзначалілі загадчык сектара парафіяльных бібліятэк аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі, клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна протаіерэй Уладзімір Барысевіч і галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Рынкевіч.
Удзельнікі семінара абмеркавалі шырокі круг тэм. У прыватнасці, гаворка ішла аб гістарыяграфіі, выбары крыніц і метадаў даследавання, стварэнні электронных рэсурсаў па праваслаўным краязнаўстве, методыцы збору звестак аб праваслаўных святынях роднага краю, асаблівасцях працы з архіўнымі дакументамі. Таксама быў прадстаўлены вопыт працы бібліятэк, школ, праваслаўных прыходаў па вывучэнні святынь роднага краю.
Арганізатары мерапрыемства адзначылі, што праца семінара выйшла далёка за межы непасрэднай дзейнасці бібліятэк. Да ўдзелу ў мерапрыемстве актыўна падключыліся школы, ВНУ, ССНУ, нядзельныя школы, праваслаўныя прыходы, грамадскія і ініцыятыўныя групы.
Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі/Гродзенская епархія/Church.by