У Слуцку адбыліся ўрачыстасці з нагоды дня памяці праведнай княгіні Сафіі Слуцкай

01 красавіка 2017

top.jpg

1 красавіка 2017 года, у свята Пахвалы Прасвятой Багародзіцы (Суботу Акафіста) і дзень памяці святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, у горадзе Слуцку адбыліся агульнаепархіяльныя ўрачыстасці з нагоды 405-й гадавіны блажэннага скону праведнай Сафіі Слуцкай.

Урачыстасці ўзначаліў епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній. Архіпастыр здзейсніў Бажэственную літургію ў храме бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна Рымскіх жаночага манастыра ў гонар праведнай Сафіі Слуцкай.

Перад пачаткам святочнага богаслужэння ў манастыр быў прынесены спісак іконы Прасвятой Багародзіцы «Радасць і Суцяшэнне» з манастыра Ватапед на Святой Гары Афон (Грэцыя). Копія вядомага ва ўсім праваслаўным свеце вобраза Божай Маці была створана на Афоне спецыяльна для  будуемага ў Слуцку храма прападобнага Паісія Святагорца.

Служэнню Бажэственнай літургіі папярэднічаў хрэсны ход з пачэснай ступней праведнай Сафіі Слуцкай, які ўзначаліў сакратар Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення, настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Чыжэвічы Салігорскага раёна протаіерэй Мікалай Лабынька. Хрэсны ход прайшоў ад кафедральнага сабора Архангела Міхаіла да Сафійскага манастыра. Удзел у шэсці прынялі духавенства і паломнікі з усіх благачынняў Слуцка-Салігорскай епархіі: Слуцкага, Салігорскага, Нясвіжскага, Капыльскага, Клецкага, Любанскага, Старадарожскага.

За Літургіяй уладыку Антонію саслужылі: прадстаўнік Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларускім Экзархаце архімандрыт Васіян (Змеяў); благачынны 3-й Мінскай гарадской акругі, настаяцель прыхода храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску протаіерэй Мікалай Коржыч; благачынны 3-й Мінскай раённай акругі, настаяцель прыхода храма Святой Жываначальнай Тройцы ў вёсцы Бараўляны Мінскага раёна протаіерэй Андрэй Круцялёў; благачынны Лідскай акругі (Лідска-Смаргонская епархія) протаіерэй Расціслаў Салаўёў; сакратар Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення, настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Чыжэвічы Салігорскага раёна протаіерэй Мікалай Лабынька; благачынныя і памочнікі благачынных Слуцка-Салігорскай епархіі; настаяцелі храмаў горада Слуцка; кіраўнікі аддзелаў Слуцка-Салігорскай епархіі і запрошаныя госці ў свяшчэнным сане.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор Сафійскай абіцелі пад кіраваннем Надзеі Сыцько.

У храме маліліся ігумення Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра горада Полацка Еўдакія (Ляўшук), ігумення Сафійскага жаночага манастыра горада Слуцка Анастасія (Коржыч), валанцёры праваслаўных моладзевых брацтваў Слуцка-Салігорскай епархіі.

На богаслужэнні прысутнічалі саветнік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Барысавіч Клешчукевіч і намеснік начальніка дэпартамента — начальнік 3‑га ўпраўлення дэпартамента транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь палкоўнік Аляксей Валер'евіч Якунін.

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў настаяцель прыхода храма велікамучаніка Георгія ў горадзе Нясвіжы протаіерэй Яўген Лабынька.

Пасля адпуста Бажэственнай літургіі епіскап Антоній і святары здзейснілі слаўленне перад каўчэгам з пачэснай ступнёй праведнай Сафіі Слуцкай і абразом Найсвяцейшай Багародзіцы «Радасць і Суцяшэнне».

Па завяршэнні богаслужэння Праасвяшчэнны ўладыка павіншаваў вернікаў са святам і звярнуўся да ўсіх са словам настаўлення, у якім пажадаў, каб малітвамі праведнай княгіні Сафіі кожны з нас зацвярджаўся ў веры і пабожнасці, каб сапраўдная любоў да Бога, Айчыны і людзей, якой адрознівалася святая Сафія, панавала і ў нашых сэрцах. Правячы архіерэй павіншаваў усіх прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і даў вернікам архіпастырскае благаславенне.

Усім жадаючым на тэрыторыі манастыра была прапанавана трапеза — грачаная каша і чай.

Слуцкая епархія / Church.by