У Слуцкую епархію будзе прынесена міратачывая ікона Прасвятой Багародзіцы «Замілаванне» (Лакоцкая) [+відэа]
26 чэрвеня 2021З 30 чэрвеня па 7 ліпеня па благаславенню Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна ў межах Слуцкай епархіі будзе знаходзіцца абраз Божай Маці «Замілаванне» (Лакоцкі).
Святыня наведае Слуцк, Любань, Нясвіж, Клецк, Капыль, Старыя Дарогі, Салігорск.
Падрабязны графік прынясення святыні ў прыхода можна спампаваць тут.
Абраз Божай Маці «Замілаванне» ― гэта любімая ікона прападобнага Серафіма Сароўскага. Ён называў гэты абраз «Усіх радасцяў Радасць», маліўся перад ім на каленях і спачыў у каленасхільнай малітве перад гэтым абрахом. У 30-я гады мінулага стагоддзя пасля разгрому Дзівееўскага манастыра манахі выратавалі ікону, і доўгія гады яна перадавалася ад аднаго захавальніка да іншага. Пасля смерці апошняга захавальніка ікона была перададзена Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II. Ён пакінуў абраз у дамавым Патрыяршым храме. І цяпер гэты абраз выносяць на пакланенне толькі адзін дзень у годзе, на Пахвалу Прасвятой Багародзіцы, ў Ялохаўскім саборы ў Маскве. Для Дзівеева ж быў напісаны спіс іконы, які цяпер таксама шануецца як цудатворны.
Лакоцкая ікона Божай Маці таксама з'яўляецца копіяй абраза «Замілаванне», дакладней, яе рэпрадукцыяй. У 1994 годзе жыхарка пасёлка Локаць Бранскай вобласці набыла каляндар, у якім быў малюнак любімай іконы прападобнага Серафіма. Некалькі гадоў абраз знаходзіўся ў галоўным іканастасе, пакуль не здарыўся цуд: у 1998 годзе ікона заміраточыла. Вестка пра міратачывы абраз у пасёлку на Браншчыне хутка распаўсюджвалася ў Расіі, Беларусі, Украіне. Існуе мноства фота- і відэасведчанняў міратачэння Лакоцкай іконы «Замілаванне». Замест рамкі для абраза ў Софрыне зрабілі двухбаковую рызу ― з адваротнага боку яна адкрывае вобраз Божай Маці, які цудоўна праступіў.
У 2006 годзе на пасяджэнні, якое адбылося ў рамках Калядных чытанняў, якія праходзілі на базе МДУ, падзеі, звязаныя з абразом Божай Маці «Замілаванне» з пасёлка Локаць Бранскай вобласці, былі прызнаны цудам. Незвычайныя ўласцівасці святога абраза прызналі члены Сінадальнай багаслоўскай камісіі, святары, іканапісцы, запрошаныя ў якасці незалежных экспертаў навукоўцы і рэдактары праваслаўных выданняў, якія даследавалі гэтае пытанне.
Абраз Божай Маці «Замілаванне» хоць і называецца Лакоцкім, вялікую частку часу знаходзіцца ў дарозе. Ён ужо пабываў у многіх саборах, храмах і манастырах Расіі, Беларусі, Украіны і Малдовы, ішоў наперадзе шматлюдных хрэсных хадоў, у тым ліку міжнародных.