У Салігорску адбыўся першы епархіяльны Калядны турнір па міні-футболе сярод каманд нядзельных школ Слуцкай епархіі

29 снежня 2022

top.jpg

27 снежня 2022 года па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, кіраўніка Слуцкай епархіі, у горадзе Салігорску адбыўся першы епархіяльны Калядны турнір па міні-футболе «Віфлеемская зорка» сярод каманд нядзельных школ Слуцкай епархіі.

Мерапрыемства праводзілася ў рамках супрацоўніцтва аддзела па фізічнай культуры і спорце Слуцкай епархіі і аддзела спорту і турызму Салігорскага раённага выканаўчага камітэта. Турнір праходзіў на базе ДУ «Фізкультурна-спартыўны клуб Салігорскага раёна», дзе для гульні сустрэліся каманды Салігорскага, Любанскага і Нясвіжскага благачынняў. Каманду Нясвіжскага благачыння суправаджаў іерэй Павел Фокін, кіраўнік місіянерскага аддзела Слуцкай епархіі, каманду Любанскага благачыння суправаджаў протаіерэй Аляксандр Драгун, благачынны Любанскай царкоўнай акругі.

Мерапрыемства адкрыў прывітальным словам іерэй Дзімітрый Новікаў, кіраўнік аддзела па фізічнай культуры і спорце Слуцкай епархіі. Аб правілах і рэгламенце футбольнага матчу распавёў галоўны суддзя турніру дыякан Аляксандр Сегень, клірык прыхода кафедральнага сабора Ражджаства Хрыстова ў горадзе Салігорску. Таксама ў адкрыцці мерапрыемства прынялі ўдзел хлопцы з праекта «Баль моладзі Салігоршчыны» з танцавальнымі нумарамі.

Перш, чым пачаць гульню, удзельнікі турніру ўзнеслі малітву. Само мерапрыемства праходзіла ў сяброўскай і добрай атмасферы.

Прыхаджане храма свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Салігорска арганізавалі пачастунак для ўдзельнікаў мерапрыемства. Ім таксама былі прапанаваны сувенірныя вырабы ручной работы, ахвяраванні за якія будуць накіраваны на будаўніцтва храма свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Салігорска.

Па выніках гульняў у Калядным футбольным турніры «Віфлеемская зорка» першае месца заняла каманда Нясвіжскага благачыння, другое месца – каманда Любанскага благачыння і трэцяе месца – каманда Салігорскага благачыння. Камандам былі ўручаны кубкі, а кожнаму гульцу медалі, граматы і дзіцячыя Бібліі.

Слуцкая епархія/Church.by 

Чытайте нас у TelegramViberInstagramВКонтакте і Facebook