У сталічным прыходзе свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі прайшоў інклюзіўны канцэрт

04 чэрвеня 2017

top.jpg

Мінскі прыход у гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі, нягледзячы на сваю маладосць (афіцыйна зарэгістраваны 1 верасня 2015 года), ужо вядомы жыхарам сталіцы падтрымкай людзей невідушчых і са слабым зрокам. Месціцца абшчына ў памяшканні, арандаваным у тонкасуконнага камбіната. Некалькі пакояў вернікі прыбралі сваімі сіламі і ператварылі ў храм.

Настаяцель прыхода — іерэй Дзімітрый Ворса. Дзякуючы намаганням айца Дзімітрыя суполка аб'яднала невідушчых творчых людзей, якія насуперак сваёй хваробе здолелі дасягнуць пастаўленых мэтаў — атрымаць прафесію, пабудаваць сямейныя адносіны, рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Прыход запусціў нямала ўнікальных для Беларусі праектаў, сярод якіх «Жыццё з белым кіем» — цыкл лекцый, канцэртаў, аўтарскіх сустрэч творчых невідушчых людзей з аўдыторыяй, арганізаваў заняткі па вывучэнню англійскай мовы. А ў канцы мая ў касцёле адбыўся канцэрт, на якім выступіў дзіцячы інклюзіўны калектыў «Радасць душы» цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кантакт» з удзелам выхаванцаў нядзельнай школы для дзяцей з парушэннямі зроку.

— Да нас прыехалі госці — калектыў «Радасць душы». Разам з нашымі сляпымі выканаўцамі яны зрабілі добры справаздачны канцэрт, паказалі тое, чаму яны навучыліся за гэты год, — тлумачыць свяшчэннік Дзімітрый Ворса, дадаючы, што ў прыходзе плануецца правядзенне цэлага шэрагу дзіцячых канцэртаў.

Падобныя канцэрты ў прыходзе праходзяць рэгулярна. Бо сярод вернікаў нямала прафесійных музыкаў. Умовы для рэалізацыі талентаў стварае настаяцель. Айцец Дзімітрый імкнецца зрабіць жыццё прыхода жывым і насычаным, дапамагае невідушчым прыхаджанам адаптавацца ў храме, вывучыць асновы праваслаўнай веры, рэалізаваць свае таленты ў самых розных відах мастацтва.

Амаль усе ўдзельнікі калектыву «Радасць душы» — дыпламанты розных конкурсаў. Дзеці прадставілі гледачам інструментальныя, вакальныя і харавыя нумары.

Канцэрт стаў магчымым дзякуючы ўдзелу міжнароднага дабрачыннага фонду Юрыя Розума (дырэктар фонду — Галіна Лебедзева).

— Хор «Радасць душы», які знаходзіцца пад апекай міжнароднага дабрачыннага фонду Юрыя Розума, у чарговы раз быў рады прадставіць сваё майстэрства. Дзякуючы падтрымцы фонду ў нашых дзяцей з'явілася больш магчымасцяў выступаць, ездзіць з канцэртамі, — кажа кіраўнік інклюзіўны хору «Радасць душы» Алена Маслава.

Прыемным сюрпрызам для гледачоў стала выступленне невідушчай спявачкі Вольгі Патрый. Для Вольгі музыка не толькі спосаб выразіць сябе, але і магчымасць падтрымаць людзей і адкрыць ім свет веры.

У Беларусі храм свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі — гэта пакуль першая царква для невідушчых вернікаў. Яе адкрыццё — гэта магчымасць людзям з асаблівасцямі развіцця жыць без бар'ераў. Безумоўна, прыхаджане мараць аб вялікім храме.

Кіраўнік інклюзіўнага хору «Радасць душы» Алена Маслава падкрэслівае:

— Гэта вельмі важна для нашых дзяцей — адчуць, што не толькі людзі, якія ім дапамагаюць, але і самі дзеці могуць унесці лепту ў такую добрую справу, як паўдзельнічаць у акцыі дапамогі будаўніцтву храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі.

Sobor.by / Church.by

Фотарэпартаж