У Тарасаве адбыліся 20-я Астрожскія чытанні
15 мая 2018Традыцыйныя, 20-я па ліку, Астрожскія чытанні ў памяць дабравернага князя Канстанціна Васілія Астрожскага, вядомага асветніка, царкоўнага і грамадскага дзеяча адбыліся напрыканцы красавіка ў вёсцы Тарасава. Штогод Чытанні праводзяцца сумесна з аддзелам Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтву з Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь, Брацтвам у гонар Віленскіх мучанікаў, Цэнтрам праваслаўнай культуры імя Канстанціна Астрожскага пры прыходзе Нараджэння Багародзіцы ў пасёлку Тарасава Мінскага раёна.
Мерапрыемства пачалося з паніхіды ў памяць дабравернага князя Канстанціна Васілія Астрожскага з удзелам курсантаў, прыхаджан, прадстаўнікоў брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў.
Асаблівасцю сёлетняга конкурсу, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў і аддзелаў Пагранічнай службы, устаноў адукацыі – «Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь« і «Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь» – стала ўвага да асэнсавання хрысціянскіх традыцый у сям’і і грамадстве.
Журы былі падведзены вынікі конкурсу творчых работ, які праходзіць па блаславенню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь.
Прадстаўнік журы, кандыдат гістарычных навук Лідзія Кулажанка адзначыла станоўчую рысу сёлетняга конкурсу – імкненне аўтараў да самастойнасці ў раскрыцці тэмы. Раскрываючы тэму конкурсу, аўтары выказалі цікавыя думкі наконт важнасці захавання хрысціянскіх традыцый ва ўмовах сучаснай глабалізацыі і падзення маральных каштоўнасцей. У большасці работ падкрэслівалася роля праваслаўных традыцый у выхаванні патрыятызму, фарміраванні духоўна-культурнай і грамадзянскай свядомасці сучаснай моладзі.
Па выніках конкурсу лепшыя работы сярод больш чым 100 пададзеных да ўвагі журы былі адзначаны дыпломамі, граматамі і памятнымі падарункамі.