У Тураве адсвяткавалі традыцыйны «Дзень вянчання на святой Тураўскай зямлі»

19 верасня 2018

top.jpg

16 верасня 2018 года, у Нядзелю 16-ю пасля Пяцідзесятніцы і дзень, калі Святая Праваслаўная Царква шануе памяць заступнікаў сям'і — святых дабраверных князя Пятра і княгіні Фяўронні Мурамскіх, у Тураве чарговы раз адзначылі «Дзень вянчання на святой Тураўскай зямлі» (абласное свята вянчання ў горадзе Тураве).

Арганізатарамі святочных мерапрыемстваў у старажытным горадзе выступілі Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, Тураўская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, Жыткавіцкі раённы і Тураўскі гарадскі выканкамы ў рамках выканання праграмы «Комплекс захадаў па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны і развіццю турыстычнага патэнцыялу горада Турава».

Урачыстасці пачаліся служэннем Бажэственнай літургіі, якую здзейсніў у кафедральным саборы свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід.

Архіпастыру саслужылі: благачынны Тураўскай акругі, ключнік кафедральнага сабора протаіерэй Васіль Пыцель, заштатны клірык Тураўскай епархіі (на спачыне па ўзросце) протаіерэй Герасім Кадоліч і духавенства Міхайлаўскага кафедральнага сабора горада Мазыра.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор Тураўскага кафедральнага сабора пад кіраваннем Кацярыны Вярэніч.

На літургіі прысутнічаў старшыня Тураўскага гарадскога выканаўчага камітэта Ігар Міцюрыч.

У адпаведнасці з пастановамі Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 14 верасня 2018 года на сугубай екценні былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб адзінстве Святога Праваслаўя.

Па заканчэнні літургіі правячы архіерэй у саслужэнні духавенства ва ўрачыстай абстаноўцы здзейсніў таінства вянчання. Чатыры шлюбныя пары з Турава, Лельчыц і Давыд-Гарадка вырашылі ў гэты дзень узяць царкоўны шлюб у кафедральным саборы старажытнага горада Турава.

Пасля абвяшчэння мнагалецця архіпастыр звярнуўся да маладых, што ажаніліся, са словам настаўлення і ўручыў кожнай пары абраз Спасіцеля і Божай Маці.

Усіх людзей, якія маліліся, уладыка Леанід павіншаваў са святам святых дабраверных Пятра і Фяўронні Мурамскіх, пажадаўшы, каб па заступніцтве перад Госпадам гэтых святых падзвіжнікаў у нашых сем'ях панавалі каханне, дабро, паразуменне, шчасце, дабрабыт і справядлівасць.

Словы віншавання выказаў і кіраўнік горада Ігар Міцюрыч, які ўручыў абвянчаным парам сувеніры ад Тураўскага гарвыканкама.

Завяршыліся ўрачыстасці народнай цырымоніяй провадаў абвянчаных пар.

«Дзень вянчання на святой Тураўскай зямлі» прайшоў ужо чацвёрты раз і становіцца новай традыцыяй для старажытнага кафедральнага града Турава.

Тураўская епархія / Church.by