У Тураўскай епархіі прайшоў фестываль «Палескі Вялікдзень»
07 мая 20184 мая ў канцэртнай зале Палаца культуры горада Мазыра па благаславенню епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда прайшоў II Велікодны фестываль духоўнай, ваенна-патрыятычнай і народнай песні «Палескі Вялікдзень», арганізатарамі якога сталі аддзел па рабоце з моладдзю Тураўскай епархіі і аддзел ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі Мазырскага раённага выканаўчага камітэта.
Ужо другі раз у велікодныя дні хоры з гарадоў і аграгарадкоў, размешчаных на тэрыторыі Тураўскай епархіі, збіраліся ў Палацы культуры, каб выканаць царкоўныя спевы, ваенна-патрыятычныя і народныя песні.
У фестывалі прынялі ўдзел 15 калектываў — хоры музычных школ і дамоў творчасці, народныя і вакальныя ансамблі палацаў культуры і царкоўныя хоры епархіі. Спецыяльным госцем стала інструментальнае трыё «Лірыца» Гомельскай абласной філармоніі.
Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, падзякі і велікодныя падарункі з рук епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда.
Рэгіянальны велікодны фестываль закліканы знаёміць грамадскасць з прыгажосцю і разнастайнасцю царкоўных песнапенняў і твораў народнага спеўнага мастацтва, спрыяць разуменню харавой творчасці, а таксама дапамагчы выхаванню падрастаючага пакалення ў духоўна-маральных традыцыях нашых продкаў і любові да Айчыны.