У Вялікую Сераду Патрыяршы Экзарх здзейсніў Літургію Ранейасвячоных Дароў у кафедральным саборы Уваскрасення Хрыстова горада Барысава
28 красавіка 202128 красавіка 2021 года, у сераду Страсной сядміцы, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік Барысаўскай епархіі, узначаліў Літургію Ранейасвячоных Дароў у кафедральным саборы Уваскрасення Хрыстова горада Барысава.
Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: сакратар Барысаўскай епархіі, благачынны 1-й Барысаўскай царкоўнай акругі, настаяцель прыхода храма Ражджаства Хрыстовага горада Барысава протаіерэй Аляксандр Вярбіла; настаяцель Князь-Уладзімірскага прыхода горада Барысава протаіерэй Павел Яцуковіч; ключнік кафедральнага сабора Уваскрасення Хрыстова горада Барысава іерэй Ігар Васько, клірыкі кафедральнага сабора.
Дыяканскі чын узначаліў клірык сабора протадыякан Міхаіл Сідараў.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам рэгента Алы Кярко.
Падчас богаслужэння былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднай пошасці.
Пропаведзь пасля запрычаснага сціха прамовіў іерэй Ігар Васько.
Пасля адпуста Літургіі Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Веніямін звярнуўся да вернікаў са словам настаўлення:
«Гасподзь паводле царкоўнага падання, у Вялікую Сераду знаходзіўся ў адзіноце, ці, як некаторыя кажуць, адпачываў са сваімі вучнямі. Што сабою ўяўляў адпачынак для Хрыста? Гэта менш зносін з людзьмі — адзінота і малітва. Так Ён адпачываў ноччу пасля дзённай працы, калі шмат гутарыў з народам, так Ён адпачываў, калі па чалавечай існасці Яго душа патрабавала ўмацавання. І Ён напярэдадні тых цяжкіх дзён меў патрэбу ў адзіноце, якая дапамагае чалавеку сабрацца, настроіцца і пераадолець цяжкасці. Нам жа важна ў гэтыя дні менш размаўляць, больш удумвацца ў тыя павучанні, якія гучаць у храме з вуснаў святароў, у саміх спевах і чытаннях богаслужэння, каб мы жылі тым днём і перажывалі тыя падзеі, якія перажываў Спасіцель, каб мы былі побач з ім і заставаліся яго вернымі вучнямі. Няхай дапаможа ў гэтым нам Гасподзь!»
У завяршэнне Патрыяршы Экзарх павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.