У Віцебску адкрылася выстаўка «Божы свет вачыма дзяцей»

20 красавіка 2017

top.jpg

У будынку культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кольца горада Віцебска "Дзвіна"» прайшло ўрачыстае адкрыццё штогадовай выстаўкі-конкурсу дзіцячай творчасці пад назвай «Божы свет вачыма дзяцей». Па традыцыі, выстаўка была прымеркавана да свята Уваскрэсення Хрыстова.

У пачатку мерапрыемства старшыня камісіі па культуры і творчасці Віцебскай епархіі протаіерэй Мікалай Прусакоў прывітаў усіх гасцей.

Музычную частку выстаўкі адкрыў ансамбль скрыпачоў з дзіцячай музычнай школы № 4 пад кіраўніцтвам Алены Аляксандраўны Марчанка.

Адкрыццё экспазіцыі наведаў галоўны спецыяліст аддзела рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама Сяргей Мікалаевіч Фадзеенкаў. Ён падзякаваў удзельнікам і арганізатарам мерапрыемства за праведзеную працу, а таксама пажадаў, каб у будучыні на гэтай выстаўцы было яшчэ больш цёплых, радасных і далікатных дзіцячых работ.

У выстаўцы-конкурсе «Божы свет вачыма дзяцей» прыняла ўдзел вялікая колькасць аматарскіх аб'яднанняў і гурткоў, якія прадставілі ў гэтым годзе 614 работ, што прымаліся на конкурс у намінацыях «Выяўленчае мастацтва» і «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Асобнай дадатковай намінацыяй, якая аб'яднала два творчых напрамкі, было названа «Велікоднае яйка». Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны на закрыцці выстаўкі 23 мая.

У ходзе мерапрыемства прысутныя ўбачылі казку «Слаўце Уваскрасенне – наша выратаванне», падрыхтаваную калектывам нядзельнай школы храма іконы Божай Маці «Ацаляльніца». Аўтарам казкі з'яўляецца выхаванка тульскай праваслаўнай гімназіі Марыя Багачова.

З года ў год мэтай выстаўкі-конкурсу з'яўляецца імкненне да раскрыцця і развіцця творчага патэнцыялу ў дзяцей. Тэматыка гэтага мерапрыемства заклікана прывіць цікавасць падрастаючаму пакаленню да вывучэння асноў Праваслаўя.

Арганізатарам выстаўкі з'яўляецца аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі.

Віцебская епархія / Church.by