У Віцебску прайшла трэцяя дабрачынная акцыя «Белая кветка»

23 мая 2018

top.jpg

Ужо ў трэці раз ля сцен Успенскага кафедральнага сабора горада Віцебска прайшла дабрачынная акцыя «Белая кветка».

Мерапрыемства пачалося з малебнага спеву, які ўзначаліў ключнік сабора протаіерэй Міхаіл Мартыновіч у саслужэнні кіраўніка аддзела сацыяльнай накіраванасці іерэя Віктара Гляда, благачыннага Серафімаўскага благачыння горада Віцебска протаіерэя Паўла Мацука, кіраўніка аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі протаіерэя Андрэя Смольскага, кіраўніка аддзела па супрацоўніцтве з Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС протаіерэя Сергія Захарава, іерэя Аляксандра Кіслага, іерэя Барыса Слуцкага і іерэя Аляксандра Ульянава.

Пасля сумеснай малітвы над Успенскай плошчай пачуўся звон, які абвяшчаў аб пачатку дабрачыннай акцыі. За перазвонам адбыўся імправізаваны канцэрт.

З прывітальным словам да гасцей акцыі звярнуўся кіраўнік аддзела сацыяльнай накіраванасці Віцебскай епархіі іерэй Віктар Гляд, які падзякаваў усім, хто быў датычны да арганізацыі дабрачыннага мерапрыемства. Затым у выкананні Ганны Шаўцовай і Святланы Максімавай прагучала песня «Міласэрнасці белая кветка». Твор, напісаны на вершы Аляксандры Журкоўскай, сапраўды можна лічыць гімнам гэтай дабрачыннай акцыі.

У ходзе канцэрта, які доўжыўся на працягу ўсяго дня, былі прадстаўлены музычныя і танцавальныя нумары, прагучалі вершы віцебскіх паэтаў і прайшлі дэфіле.

На Успенскай плошчы можна было набыць вырабы ручной працы, выпечку і прысмакі. На прыхрамавай тэрыторыі працавалі аніматары і валанцёры, якія раздавалі за ахвяраванне белыя папяровыя кветкі.

У гэтым годзе дабрачынная акцыя праходзіла не толькі на тэрыторыі Успенскай горкі. Прадстаўнікі «Белай кветкі» працавалі ў ТРЦ «Марка-Сіці», ГЦ «Грын» і ГЦ «Карона».

Намаганнямі неабыякавых людзей удалося сабраць больш за 4000 рублёў. Усе атрыманыя сродкі пойдуць на лячэнне двух маленькіх віцябчан — 4-гадовага Рамана Андрушунаса і 8-гадовага Сямёна Новікава, якія разам з бацькамі наведалі ў гэты дзень свята ля сцен Успенскага сабора.

Віцебская епархія / Church.by