У Зэльве адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка «Каложскі благавест»
07 мая 2017Асаблівай падзеяй для аматараў паэтычнага слова стала знаёмства з новым зборнікам духоўнай і філасофскай лірыкі «Каложскі благавест». Арганізатары прэзентацыі — Гродзенская епархія і прыход храма Святой Жыццепачатнай Троіцы ў гарадскім пасёлку Зэльва — запрасілі на сустрэчу з аўтарамі літаратараў, настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, бібліятэкараў.
Удзел у сустрэчы, якая прайшла ў памяшканні нядзельнай школы Свята-Троіцкага храма, прынялі клірык Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна іерэй Павел Каспяровіч, насельнік Успенскага Жыровіцкага манастыра манах Іаан (Бембель), паэт і перакладчык, ураджэнец Зэльвы Юрка Голуб, паэтка і літаратуразнаўца Данута Бічэль-Загнетава, паэт і выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Брусевіч, паэтэса-пачаткоўка, студэнтка ГрДУ Аліна Паўлоўская, уладальнікі вядомых у беларускай літаратуры імёнаў — Валянцін Дубатоўка і Сяргей Чыгрын.
Адкрываючы творчую пляцоўку, іерэй Павел Каспяровіч адзначыў, што галоўнымі крытэрыямі падбору вершаў для зборніка была сапраўдная, якасная паэзія, добры мастацкі густ, сугучча лірыкі са Словам Божым.
Настаяцель прыхода пратаіерэй Георгій Субаткоўскі ў сваім прывітальным слове адзначыў:
— Гэта першае грамадскае мерапрыемства, якое праходзіць у гэтай зале. Паэтэса Ларыса Антонаўна Геніюш, якая вельмі паважала родную мову і любіла наш прыход, не толькі ганарылася б намі, але, упэўнены, і цяпер дапамагае нам з Нябёсаў.