У Жыровіцкім манастыры адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная памяці схіархімандрыта Іаана (Маслава)

02 жніўня 2021

top.jpg

Па благаславенню архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя 29 ліпеня 2021 года ў Жыровіцкім манастыры адбылася канферэнцыя на тэму «Духоўна-асветніцкая дзейнасць устаноў культуры і адукацыі: памяці схіархімандрыта Іаана (Маслава) — пастыра, багаслова, педагога, вучыцеля маральнасці», прысвечаная 30-годдзю з дня скону схіархімандрыта Іаана (Маслава). Падзвіжнік пабожнасці нямала папрацаваў на карысць беларускай святыні — Жыровіцкага манастыра і на карысць духоўнай асветы на беларускай зямлі.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 60 чалавек — кіраўнікі і спецыялісты ўстаноў адукацыі і культуры, насельнікі Жыровіцкага мужчынскага манастыра. Больш за палову аўдыторыі ўдзельнічала ў дыстанцыйным фармаце (была забяспечана анлайн-трансляцыя праз доступ да Zoom).

Узначаліў працу форуму архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый. Яго Высокапраасвяшчэнства звярнуўся да ўдзельнікаў з прывітальным словам і падзяліўся ўспамінамі пра свайго духоўнага настаўніка айца Іаана. Уладыка Гурый адзначыў, што самай галоўнай дабрадзейнасцю ў жыцці Праваслаўнай Царквы з'яўляецца змірэнне, якому вучыў і сам пераймаў схіархімандрыт Іаан (Маслаў).

Удзельнікаў канферэнцыі вітала галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Мікалаеўна Беразоўская. Намеснік старшыні Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці пры Сінадальным аддзеле рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы Вольга Аляксандраўна Рынкевіч зачытала прывітальнае слова выконваючага абавязкі старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Мікалая Іванавіча Ліса.

Падчас канферэнцыі дэманстраваўся відэафільм: «Архіерэі Рускай і Балгарскай Праваслаўнай Царквы аб схіархімандрыце Іаане (Маславе)».

Удзельнікі праслухалі аўдыёзапіс «Слова архіепіскапа Феадосія (Більчанкі) пра айца Іаана». У фармаце аўдыёзапісу прагучаў даклад Крыловай Алены Алегаўны, доктара эканомікі і фінансаў, прафесара Маскоўскай педагагічнай акадэміі (Расійская Федэрацыя) «Схіархімандрыт Іаан (Маслаў) «Аб выхаванні пачуццяў».

З яркімі, натхняльнымі ўспамінамі «Прысутнасць айца Іаана ў маім жыцці» выступіў настаяцель храма Уздзвіжання Крыжа Гасподняга аграгарадка Святая Воля протаіерэй Мікалай Ляўшук. Яго апавяданне суправаджалася прыкладамі духоўных адказаў айца Іаана на жыццёвыя пытанні і патрэбы. Ігумення Сафія (Дземчык Наталля Іванаўна), устаўшчык змешанага хору Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, філолаг, бакалаўр багаслоўя сабрала і абагульніла ўспаміны жыровіцкіх духоўных дзяцей схіархімандрыта Іаана (Маслава).

Па заканчэнні канферэнцыі архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый здзейсніў чын ліціі па памерлых.

Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваны на сайце Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы і сайце праваслаўных бібліятэк Беларусі.

biblioteka-hram.by/Church.by