Валанцёры Слуцка-Салігорскай епархіі запрашаюць далучыцца да акцыі «Кветка святой Сафіі»
15 сакавіка 2017У рамках падрыхтоўкі да святкавання дня памяці праведнай Сафіі Слуцкай у Слуцкім епархіяльным упраўленні з 1 сакавіка праходзяць майстар-класы па вырабе брошак у выглядзе кветкі.
Плануецца, што ў далейшым брошкі будуць падораны пажылым удзельніцам хрэснага ходу ў гонар святой Сафіі Слуцкай, які пройдзе 1 красавіка ў Слуцку, а таксама падапечным тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і людзям, якія знаходзяцца ў бальніцах сястрынскага догляду Слуцкага раёна.
Акцыя праходзіць другі год запар і ўжо становіцца традыцыйнай. У 2016 годзе брошкі выраблялі валанцёры са Слуцка, Салігорска, Нясвіжа і іншых гарадоў Беларусі. На тэлеканале «Саюз» выйшаў відэасюжэт аб акцыі.
У Слуцку акцыю праводзяць члены брацтва ў гонар святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. Да вырабу брошак падключыліся таксама члены брацтва ў гонар Праабражэння Гасподняга аграгарадка Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна. Актыўна дапамагаюць падапечныя і супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Слуцкага ТЦСАН.
Тацяна Сільвановіч, каардынатар акцыі ў Слуцку:
— Спачатку гэтыя брошкі рабіліся толькі на майстар-класах, але, таму што іх неабходна зрабіць шмат, валанцёры па ўласнай ініцыятыве сталі рабіць іх дома ў вольны час і прыносіць у епархію.
Валанцёры запрашаюць усіх жадаючых, у тым ліку прадстаўнікоў іншых епархій, далучыцца да акцыі і майстраваць брошкі-кветкі сваімі рукамі.
Для вырабу брошкі патрабуюцца адрэзкі лёгкай дэкаратыўнай сінтэтычнай тканіны розных відаў, ніткі, іголка, нажніцы і разнастайныя пацеркі.
Тэхналогія вырабу брошкі (коратка) >>
На майстар-класы, якія праходзяць у нядзелю з 14:00 да 16:00 у Слуцкім епархіяльным упраўленні, запрашаюцца ўсе жадаючыя. Па пытаннях удзелу звяртацца па тэлефоне +375297616888.
Юлія Сяргеева, кіраўнік аддзела па сацыяльным служэнні і дабрачыннасці Слуцка-Салігорскай епархіі:
— Святая праведная Сафія Слуцкая была ўзорам міласэрнасці і любові. Давайце і мы зробім у гэтае свята людзей трохі больш шчаслівым, зрабіўшы добрую справу і падарыўшы ім невялікі падарунак у выглядзе брошкі!