Нядзельную школу Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра наведалі выхаванцы Магілёўскай дзяржаўнай спецыяльнай школы закрытага тыпу

01 мая 2018

top.jpg

29 красавіка 2018 года 27 выхаванцаў установы адукацыі «Магілёўская дзяржаўная спецыяльная школа закрытага тыпу», знаходзячыся на экскурсіі ў Мінску, наведалі парафію святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла і нядзельную школу Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра.

Адна з задач Магілёўскай дзяржаўнай спецшколы закрытага тыпу — сацыялізацыя непаўналетніх правапарушальнікаў. Навучэнцаў сюды накіроўваюць паводле рашэння суда.

Гасцей сустракаў настаяцель прыхода свяшчэннік Святаслаў Рагальскі, старшыня МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», які расказаў вучням аб гісторыі Мінскага архіерэйскага падвор'я. Педагогам і выхаванцам была прапанавана экскурсія ў храм роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, які знаходзіцца ў будынку рэканструюемага падвор'я. Затым госці наведалі нядзельную школу Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра, дзе за чаяваннем пагутарылі з яе педагогамі і вучнямі.

Ідэя наведаць прыход святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла ў горадзе Мінску нарадзілася падчас працы рэгіянальнага навукова-практычнага семінара «Аб сумеснай рабоце прыходаў і іншых царкоўных структур Магілёўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і ўстаноў адукацыі Магілёўскай вобласці па духоўна-маральнаму выхаванню і сацыяльнай рабоце сярод дзяцей і падлеткаў дэвіянтных паводзін», які адбыўся ў Магілёве 18 красавіка 2018 года па ініцыятыве Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы і аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Магілёўскай праваслаўнай епархіі.

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр / Church.by