Восьмыя Пасхальныя чытанні прайшлі ў Лепельскім благачынні

28 красавіка 2017

top.jpg

У рамках плана супрацоўніцтва Лепельскага благачыння Віцебскай епархіі і аддзела адукацыі, спорту і турызму Лепельскага райвыканкама Пасхальныя чытанні праводзяцца штогод у сярэдняй школе № 1. У гэты раз арганізатары адышлі ад традыцыі, зрабіўшы іх выязнымі: удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў ДУА «Слабадскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Лепельскага раёна». У год стагоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі удзельнікі чытанняў абмяркоўвалі тэму «1917 — 2017. Вынікі гісторыі для Беларусі». Ад бальшавікоў на Лепельшчыне пацярпела нямала людзей. Пакутніцкую смерць ад бязбожнікаў прыняў і протаіерэй Міхаіл Садоўскі, які доўга служыў у Слабодскай царкве бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна.

У гэтай царкве, якая зараз перажывае адраджэнне, у дзень чытанняў адбылася ўтраня і Бажэственная літургія. Богаслужэнне здзейснілі іерэй Сергій Ляшкевіч і іерэй Уладзімір Кажаноўскі.

Далей удзельнікі, больш за 30 чалавек, адправіліся ў школу. Тут іх чакалі пазнавальныя экскурсіі па музейных класах. Слабадчане пазнаёмілі гасцей з экспазіцыяй, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, народным рамёствам, пабывалі ўдзельнікі і ў музеі прыроды.

Велікодная выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці разгарнулася ў фае. Вырабы, выкананыя ў розных тэхніках, прадставілі навучэнцы раённых і нядзельных школ, падапечныя аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Адкрыў чытанні благачынны Лепельскай акругі протаіерэй Адам Каляда. Са словам прывітання выступіў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак. Навучэнцы Поўсвіжскай школы падрыхтавалі да чытанняў павучальную сцэнку «Дзядулін куліч».

Прысутныя з цікавасцю выслухалі дакладчыкаў — выкладчыкаў, школьнікаў, гісторыкаў. Выкладчык сярэдняй школы № 1 Жанна Маляўка распавяла аб разбураным у Лепелі Праабражэнскім храме, успомніла аб нялёгкім жыцці протаіерэя Філіпа Лузгіна, які тры дзесяткі гадоў служыў у ім. Айец Філіп, прысуджаны бальшавікамі да расстрэлу, быў вымушаны пераехаць у Міёрскі раён. Тут ён доўгі час служыў у Язненскім храме. Дадому так і не вярнуўся, на Міёршчыне і быў пахаваны. У спадчыну ад святара застаўся зборнік кранальных духоўных вершаў.

З гісторыяй жыцця протаіерэя Міхаіла Садоўскага пазнаёміла Ларыса Булах — выкладчык Слабадской школы. Арыгінал малітваслова на польскай мове, які атрымлівалі праваслаўныя салдаты II Рэчы Паспалітай, паказаў гісторык Валерый Тухто. Змястоўным было і выступленне пастаяннай удзельніцы чытанняў, выкладчыка Баброўскай сярэдняй школы Надзеі Хаванскай. На мінулых Пасхальных чытаннях яна падрыхтавала аповед пра Губінскую Мікольскую царкву ў Макараўшчыне. Цяпер дакладчыца распавяла гісторыю жыцця святара Філагрыя Сцяпанавіча Косткі, які служыў у храме з 1912 па 1930 год. Надзея Хаванская адзначыла, што айцец Філагрый, калі савецкая ўлада зачыніла царкву, праводзіў богаслужэнні дома. Таемна хрысціў, спавядаў, прычашчаў. У сакавіку 1930-га ён быў прыгавораны да пяці гадоў канцлагера. У 1989 г. быў рэабілітаваны як нявінна рэпрэсіраваны.

Вынікі чытанняў падвяла загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Скорба. Былі намечаны далейшыя шляхі супрацоўніцтва свецкай улады і Царквы ў агульнай справе — патрыятычным выхаванні школьнікаў.

Віцебская епархія / Church.by