Выходзіць новы нумар часопіса «Врата Небесные»
16 красавіка 2018Клубок падману з чырвонай ніткі: адкуль цягнецца і куды вядзе? Адкрывае нумар перасцерагальны матэрыял іерэя Алега Рудога і Таццяны Шымко: «Нейкі час таму да нас прарвалася «дзіўная мода» на нашэнне чырвонай ніткі на запясці. Некаторыя наіўна разглядаюць яе ў якасці бяскрыўднага яркага аксэсуара. Іншыя хочуць бачыць у ёй абярэг і абарону, якія нібыта нікому не перашкаджаюць. Далёка не ўсе «абнітаваныя» ведаюць, што на самай справе гэты прадмет з'яўляецца знакам прыналежнасці да дэманічнага вучэння...»
Падрубрыка «Дарэчы» прадстаўляе лаканічныя, але вельмі каштоўныя для розуму і сэрца словы ў матэрыяле «Асалода» протаіерэя Дзмітрыя Смірнова: «Калі Гасподзь бачыць, што чалавек стараецца, хоча любіць, сапраўды гэтага хоча, а не на словах — на словах мы ж усе адзін аднаго любім, мы ўсё наскрозь праваслаўныя, — а вось менавіта на справе, тады Гасподзь дае яму сапраўдную любоў, якая ёсць вышэйшай асалодай».
«Таблетка для пакоры» свяшчэнніка Дзімітрыя Шышкіна. На пытанне «як навучыцца пакоры?» бацюшка дае нечаканы рэцэпт: «Для гэтага, брат мой, трэба рэгулярна прымаць аскарбінку...» Не вітамін, а... горкую мікстуру абразаў.
«Вам дапамагчы?» протаіерэя Аляксія Умінскага: «Падыходжу я да храма, міма ідуць людзі... з півам, у слухаўках, размаўляюць паміж сабой. Ніхто ў бок храма нават галаву не паверне. Вялікдзень ім, здаецца, не патрэбны. Побач са мной, ледзь наперадзе, ідзе бомж — з нейкімі цюкамі бруднымі, сам брудны-брудны! Народ на іншы бок пераходзіць: чысценькія усё, светленькія. А ён да храма даходзіць, здымае свае брудныя рэчы... Хрысціцца і глыбока кланяецца перад паперцю...»
«Пагрузіцца ў благадаць...» прападобнага Паісія Святагорца: «Калі мы заклапоцімся самавыпраўленнем і, спадзеючыся пераважна на Боскую дапамогу, звернемся да больш унутранай дзейнасці, чым да знешняй, то... здолеем здабыць і ўнутраную цішыню; а яна ціха дапаможа душам, з якімі мы сустрэнемся...»
«Няхай будзе воля Твая...» святара Міхаіла Багатырова: «Што рабіць, калі вас абвінавачваюць у тым, чаго вы не рабілі? Трагічных рэакцый на такія абвінавачванні ў нас быць не павінна. Ты ведаеш, што невінаваты, і Бог ведае. Ты перад Ім гэтага граху не здзейсніў — вось галоўнае... Трэба своечасова пераключыцца з чалавечага суда на суд Божы і сказаць: «Госпадзе, Ты ўсё ведаеш — і хай будзе воля Твая».
Велікодны хрэсны ход. Апісанне велікоднага хрэснага ходу Патрыяршай перадзелкінскай царквы ў 1966 годзе Аляксандр Салжаніцын дае яркімі, сакавітымі мазкамі: «За паўгадзіны да дабравеста выглядае агароджаная пляцоўка Патрыяршай царквы Праабражэння Гасподняга як тапталаўка пры танцпляцоўцы далёкага хвацкага працоўнага пасёлка...»
Душа ўзляцела! У гэтым аповяданні Тамара Кашэўнікава шчыра дзеліцца сваім вымучаным і ў той жа час такім радасным духоўным вопытам: «У чарговы Ражджэственскі пост бабуля злегла і ціха адышла да Бога. Ахоўваць традыцыю стала няма каму. Паколькі я ў нашай вялікай сям'і часам «забягала» ў храм, чым вельмі ганарылася і лічыла сябе хрысціянкай, то свяціць «булкі» прыйшлося мне. Выразнага паняцця аб ходзе богаслужэння я не мела, але ведала са слоў бабулі, быццам хрэсны ход — гэта так добра, што «душа ўзлятае»...»
Пецька Сопля. Алена Кучарэнка таксама распавядае невыдуманную гісторыю. Толькі не пра сябе, а пра хлапчука, які быў «худзенькім, маленькім, хваравітым, ціхім. Вушы як лакатары, нос бульбай, а на ім акуляры... Самымі яркімі ўспамінамі яго ранняга, «дасадочкавага» дзяцінства былі мамін скрываўлены твар і папкін п'яны крык: «Заб'ю!»...» Але аднойчы гэты хлюпік кінецца ў раку ратаваць... кацяня, і ў яго жыцці ўсё зменіцца!
На хвалях быцця. «Усе мы ведаем, якімі павінны быць іншыя і што ім рабіць. Асабліва «кампетэнтныя» у лячэнні чужых хвароб і выхаванні чужых дзяцей... На практыцы ж «самая галоўная дабрачыннасць» даецца з вялікай цяжкасцю, калі наогул даецца», — піша Раіса Серабракова і распавядае дзве гісторыі аб сапраўдным і ілжывым змірэнні.
Страсці па Агню, або Гісторыя пра спраўдны цуд. Андрэй Качэнаў піша аб нечаканым: «Шмат гадоў запар я лётаў у Іерусалім на сыходжанне Благадатнага агню, але вяртаўся са змешанымі пачуццямі — і радасці, і, адначасова, расчаравання...» І, апісваючы мітусню, якая пануе ў святым горадзе, працягвае: «Я кожны раз лавіў сябе на думцы: не, штосьці тут не так. Неяк усё мітусліва і хітра, суцэльны гандаль і... НЕЛЮБОЎ да блізкіх сваіх, з якімі ты молішся ў адным храме, аднаму Богу».
Скупімся на любоў. У вялікія дні Страснога тыдня ля Распяцця Алена Наследышава разважае аб тым, чаму ж род чалавечы скупіцца на любоў: «Але навошта пражываць дні і гадзіны, не грэючы блізкіх цяплом сваіх слоў і ўчынкаў? А, з іншага боку, як не стаміцца любіць, разумеючы, што няма гарантыі шчаслівага канца? Як зразумець і прыняць чалавека, чыя душа, напрыклад, здранцвела, закрылася, баіцца паўтарэння болю і больш не рызыкуе любіць? Як самому, атрымаўшы горкі вопыт адмовы, непрымання, здрады, усё ж не страціць надзею, не расчаравацца, не схавацца за сцяной цынізму, не страціць надзею і любіць?»
Благавешчанне — свята нашага збаўлення. Што гэта за свята? Чаму вучыць нас? У чым нам, якія жывуць у XXI стагоддзі, варта пераймаць маці Божай? Чаму Благавешчанне заўсёды адзначаецца менавіта ў гэты дзень? Аб гэтым — гутарка Таццяны Сакаловіч з клірыкам храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» іерэем Сергіем Пыскам.
Прастора і час канона Андрэя Крыцкага. Артыкул іерэя Канстанціна Камышанава — выдатны дапаможнік для больш глыбокага разумення вялікага духоўнага твору: «Канон Андрэя Крыцкага — гэта зборнік згадак найбольш яркіх біблейскіх гісторый, нанізаных на адну нітку. Чырвоная нітка апавяданняў — памылкі чалавека, які шукае Бога. Выбар ілюстрацый памылак закліканы стварыць поўны спектр самых буйных памылак чалавека, нанізаных на часовую і сэнсавую восі. Такі вось «дайджэст» Бібліі».
Велікоднае. Іерэй Аляксандр Бойка каментуе евангельскае апавяданне пра падзею ў Назарэцкай сінагозе (Ін. 1:11): «У прапанаваным урыўку з Евангелля паводле апостала Лукі найбольш поўна адлюстроўваецца ўся трагедыя прышэсця ў свет Хрыста». І расказвае пра цудоўны выпадак са сваёй пастырскай практыкі. А таксама прамаўляе павучальнае слова пра Уваскрасенне Госпада Іісуса Хрыста, сцвярджаючы: «Калі ў нас няма адчування рэальнасці падзеі, сведкам якога сталі Марыя Магдаліна і іншыя вучні, значыць, мы яшчэ не хрысціяне».
Як святкаваць Пасху Хрыстову. У пропаведзі свяціцеля Інакенція Херсонскага — не пра тое, што рыхтаваць да Вялікадня і якія абрады выконваць, а зусім пра іншае: «такім чынам, вось чаго не любіць Гасподзь наш, чаго не павінна быць сярод гэтага свята ў Яго гонар: старога квасу — закваскі злосці і зламыснасці! А што Яму прыемна і чым трэба назапасіцца кожнаму, хто святкуе — бясквасваснасці чысціні і праўды!»
Светлае Уваскрасенне. У творы класіка рускай літаратуры Мікалая Гогаля чытайце аб адносінах чалавека XIX стагоддзя да вялікага свята Вялікадня: «Але навошта ўцалелі дзе-нідзе людзі, якім здаецца, быццам яны святлеюць у гэты дзень і святкуюць сваё маленства, — тое маленства, ад якога нябесны пацалунак, як бы пацалунак вечнай вясны, выліваецца на душу, тое цудоўнае дзяцінства, якое страціў горды гэты чалавек? Навошта не забыўся чалавек навекі гэта маленства, і, як бы бачанае ў нейкім аддаленым сне, яно яшчэ шавеліць нашу душу?»
Рукадзелле, любоў і самае галоўнае. «На першы погляд, Марыя Любочка — класічная праваслаўная матухна, — піша Алена Есаулава аб сваёй сяброўцы, — сціплы выгляд, таўшчэзная каса, адно дзіця — паненка адзінаццаці гадоў, малым погодкам — чатыры і тры. На самай справе гэтая брунэтка прыемнай знешнасці — скарбніца дзіўнага і, як гаворыцца, нефарматнага. Яна мадэруе сайт у інтэрнэце, выкладае нямецкую мову ў універсітэце і марыць аб маленькай рукадзельнай рэвалюцыі».
Раданіца. Як святкаваць асаблівы дзень памінання памерлых, у які мы дзелімся радасцю Уваскрасення з тымі, хто ўжо адышоў да Госпада? Якія асаблівасці богаслужэння на Раданіцу? Якія справы веры дапамагаюць нашым памерлым сваякам? Пра гэта і многае іншае распавядае клірык храма ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» святар Сергій Пыск.