Выйшаў новы нумар часопіса «Врата Небесные»
16 сакавіка 2018Пабачыў свет трэці нумар часопіса «Врата Небесные» за 2018 год. Пастаянныя аўтары часопіса парадуюць чытача новымі матэрыяламі на розныя тэмы.
Джэйн Эйр з тбіліскага Глдані
У гэты раз пастаянны аўтар часопіса Марыя Сараджышвілі піша аб жаночай мужнасці. Гераіня апавядання — звычайная грузінка па імені Ніно з незвычайным лёсам, які пачаўся... з кахання: «Усе свае студэнцкія гады я любіла Гіві. Высокі, прыгожы, вочы вялікія, зялёныя. Словам, было на што паглядзець...»
Небіблейскі Іосіф і… добрыя людзі
Апавяданне Алены Есаулавай пра тое, як па-рознаму людзі ставяцца да жыцця, пра тое, як адны трапятліва захоўваюць вернасць, а іншыя лічаць: «Ну, добра, вось ты жанчына, можа, вера табе і не дазваляе лёгка глядзець на гэтыя пытанні. А ён мужчына тэмпераментны, чула: у яго і жонка ёсць, і яшчэ адна на баку недзе. Закарцела, ну дык што ж яму рабіць? Ды і дзе ты іншых мужчын бачыла?»
У пошуках чароўнай кнопкі
Свяшчэннік Дзімітрый Шышкін прапануе абмеркаваць непрыемную, але вельмі важную для вернікаў тэму. Ён упэўнены, што: «...Самыя папулярныя пытанні ў храме: «Якую малітву чытаць? Якому святому маліцца? Якую службу замовіць?» — сведчаць, што людзі шукаюць нейкія дзейсныя, але знешнія, «разавыя» сродкі для збаўлення ад непрыемнасцяў...» А што ж трэба на самой справе?
«Прамудрасць бросьце!»
Протаіерэй Міхаіл Вараб'ёў з добрай і крыху сумнай усмешкай распавядае, як былыя грамадзяне савецкай атэістычнай дзяржавы нязграбна імкнуцца ці то здавацца, то быць праваслаўнымі і вучаць маладых: «Не трэба смяяцца, малады чалавек, — вы ў храме Божым, а не ў цырку! Мы, праваслаўныя, — людзі простыя, у нас, ведаеце, як бацюшка ў Евангеллі чытае: «Прамудрасць бросьце! Будзьце простыя, як галубы!»
Туга на парозе вечнасці
Вы калі-небудзь вялі дзённік таго, што не адбылося, не збылося, своечасова не зразумелася? Дзённік памылак і промахаў? Калі не, то пачытайце кароткія маналогі Ганны Анікінай і... Можа быць, у вас атрымаецца навучыцца жыць на чужых памылках, а не на сваіх.
«А потым мы плакалі разам»
Перад вамі — дзённік маладой мамы шасцімесячнага малога. У гэтых запісах шмат слёз — слёз стомленасці, злосці, адчаю, але і слёз вялікай радасці: «Няхай я не высыпаюся, хай сто гадоў не рабіла манікюр, хай я не паспяваю нічога па хаце, таму што ўвесь час забаўляю малога, хай я не магу схадзіць у кіно ці з'ездзіць на адпачынак... Але я хачу яшчэ такога ж карапуза, таму што гэты ТАК ХУТКА расце!..»
Нарысы праваслаўнага жыцця ў Амерыцы (заканчэнне)
Ігар Крыштафовіч завяршае свой аб'ёмны матэрыял шчырым расповедам аб сваёй першай споведзі, якая здзейснілася менавіта на амерыканскай зямлі, а не на роднай Украіне. І самае галоўнае — апавядае пра сапраўдныя цуды ў выніку свайго шчырага пакаяння і прабачэння людзей, якія сталі прычынай мноства бед у яго жыцці.
Па той бок свячнога прылаўка
«Стаўкі рэзка скарацілі і звольнілі ўсіх пенсіянераў. Усталяваны гадамі жыццёвы распарадак збіўся... І толькі ў храме Ларыса адчувала сябе патрэбнай і не адзінокай. У царкву хадзіла шмат гадоў, і айцец Серафім, бачачы яе важданіну, прапанаваў папрацаваць у свячной лаўцы», — вось так гераіня аповеду Тамары Кашэўнікавай пачынае новае жыццё і асвойвае новую і, як аказваецца, зусім не простую прафесію.
Вечныя гісторыі
Агульная назва аб'ядноўвае два матэрыялы іерэя Канстанціна Камышанава. Першы — «Дзве зарплаты ў падарунак Богу» — пра тое, як не апынуцца ахвярай падману, калі даеш міласціну, і як ўсё ж праявіць міласэрнасць да тых, хто жыве ў нястачы. Бо так цяжка спалучаць ласку і мудрасць: «Я аддала жанчыне з нашага храма шмат грошай, а яна мяне падманула. Вы не благаслаўлялі мяне даваць міласціну грашыма нашым убогім. Але яна паказала мне фатаграфію...»
Другі — эсэ «Блудны сын ці бацька ў чаканні?..» — прысвечаны прытчы пра блуднага сына і прыводзіць зусім нечаканае тлумачэнне вядомага евангельскага тэксту: «Шмат чаго можна сказаць, але ў выніку добры прапаведнік немінуча зверне ўвагу на пакаянне блуднага сына. Вось ён, прыйшоўшы ў сябе, пакаяўся... Дык не было ніякага пакаяння! Сілкаваўся дрэнна. Спаў мулка. Піў горка. Тут і дурань зразумее, што ёсць месца, дзе дадуць паесці без працы і прымуць такім, якім ты ёсць...»
Як праводзіць першую сядміцу Вялікага посту
Перад намі — павучанне поснікам незабыўнага архімандрыта Іаана (Крэсцьянкіна), дзе аднымі з першых гучаць словы: «На першым тыдні гавенне асаблівае. Гэта — справаздача перад Богам за ўвесь пражыты год са строгай праверкай сябе, свайго жыцця перад абліччам правасуддзя Божага». І далей у пропаведзі усімі любімага старца зноў і зноў гучыць: «Пакайцеся!» — гэтымі словамі заканчваецца Стары Запавет (Мф. 3: 2), «Пакайцеся» — так пачынаецца і Новы (Мф. 4: 17). Вось наколькі неабходна і важна пакаянне».
Несці свой крыж
Трэцяя нядзеля Вялікага посту ў праваслаўным календары носіць назву «Крыжапаклонны тыдзень». Напярэдадні ў суботу ўвечары з алтара ўрачыста выносіцца ў цэнтр храма Пачэсны Крыж... Для чаго ў сярэдзіне паста зносіцца Жыватворны Крыж? Чым крыж быў для сучаснікаў Хрыста? Навошта Хрыстос прыняў такую пакутлівую і ганебную смерць? Чаму людзі пакутуюць? А ці ёсць пакуты, якія прыносяць чалавеку радасць? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае загадчык аддзялення катэхізатараў Мінскага духоўнага вучылішча, магістр гуманітарных навук Андрэй Гаранскі.
Хто ведае, што ў чалавеку?..
Тэма артыкула Марыны Куфінай — дзіўная і выдатная, гэта роздум пра таямніцы душы чалавечай: «Ва ўсякім нашым меркаванні, што ёсць канкрэтны чалавек, мы, як правіла, памыляемся, заганяючы яго ў «рамкі» нашых паняццяў. А на самай справе кожная душа — цэлы свет, непазнаны космас, бяздонная глыбіня... «Бо хто́ з людзей ведае, што́ ў чалавеку́ толькі дух чалавечы, які ў ім» (1 Кар. 2: 11)».
Правіла жыцця ў свеце
Вялікі рускі пісьменнік Мікалай Гогаль звяртаецца да чытача з павучальным і дзівосна прыгожым словам, цэнтральная тэма якога — тэма сапраўднай любові: «Гэта толькі адны іскры, толькі краі той цудоўнай рызы, у якую ўвасобілася бязмерная і бязмежная любоў Божая, якую нішто не змесціць, як нішто не можа змясціць Самога Бога».
На багамолле
«У пілігрымку трэба не толькі ножкамі адпраўляцца, але ў першую чаргу сэрцам і галовушкай — таксама. Нашы продкі гавелі, ды пакаяннай слязой ножкі абмывалі. Дарэчы, пра ножкі. У манастыры ды да святыняк усё збольшага пешшу хадзілі. Па «чыгунцы» ды на «машыне» — гэта кожны зможа. А ты сваё багамолле праз мазолькі ды стаптаныя боты атрымай», — лічыць Алег Селядцоў і распавядае аб сваім нядаўнім паломніцтве ў Савіна-Старажоўскі манастыр.
Свяціцель Патрыкій, асветнік Ірландыі
У канцы сакавіка святкуецца памяць старажытнага святога, аб якім іераманах Макарый Сіманапетрскі піша: «Дзякуючы працы святога Патрыкія Ірландыя заквітнела як хрысціянскі край і цалкам заслужана стала называцца Востравам святых. Тут яго горача шануюць як свайго галоўнага заступніка. Святому Патрыкію прысвечана больш за 200 цэркваў. Яго шанаванне шырока распаўсюджана па ўсім Захадзе».