Выйшаў зборнік матэрыялаў канферэнцыі, праведзенай Беларускім Экзархатам і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі

15 снежня 2020

2.jpg

Выдавецтва Мінскай духоўнай акадэміі ажыццявіла выпуск зборніка матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праваслаўе ў Беларусі. ХІХ — ХХ ст.», якая праходзіла 1 лістапада 2019 года ў Мінску.

Арганізатарамі навуковага форуму выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Мінская духоўная акадэмія.

Праблемнае поле канферэнцыі прадугледжвала асэнсаванне абставінаў правядзення і асноўных вынікаў Полацкага сабора 1839 года, які ажыццявіў вяртанне беларуска-літоўскіх уніятаў да праваслаўнага вызнання.

Правядзенне міжнароднай канферэнцыі і выданне зборніка ажыццёўлена ў рамках узаемадзеяння Беларускай Праваслаўнай Царквы з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

У зборнік уключана 40 дакладаў, якія прагучалі падчас правядзення пленарнага пасяджэння канферэнцыі і тэматычных секцый «Полацкі сабор 1839 года і скасаванне царкоўнай уніі на беларускіх землях», «Праваслаўная Царква на беларускіх землях у XIX стагоддзі», «Праваслаўная Царква на беларускіх землях у ХХ стагоддзі», «Праваслаўе ў культуры Беларусі», «Хрысціянскія каштоўнасці і сучасная педагогіка».

У склад рэдкалегіі зборніка ўвайшлі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А. А. Каваленя, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў), рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь В. В. Даніловіч (да 2020 г. дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі), дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В. Л. Лакіза, прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі А. В. Слесараў.

Выданне адрасавана выкладчыкам, аспірантам, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца пытаннямі канфесійнай гісторыі, багаслоўя, літургікі і кананічнага права.

Адказны за выпуск: дацэнт А. В. Слесараў.

МінДА / Church.by