У Мінску завяршыў працу Міжнародны адукацыйны форум «Царква і моладзь: сацыяльнае партнёрства»

15 ліпеня 2022

top.jpg

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла прыняў удзел у арганізацыі працы ў Мінску Летняга модуля Міжнароднай школы маладых даследчыкаў Нацыянальнага даследчага інстытута развіцця камунікацый (Масква). Партнёрамі адукацыйнага праекта, які быў рэалізаваны з 11 па 15 ліпеня 2022 года, выступілі таксама факультэт міжнародных адносін і факультэт філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў.

Удзельнікамі форуму «Царква і моладзь: сацыяльнае партнёрства» сталі больш за 20 расійскіх і беларускіх студэнтаў: прадстаўнікі Нацыянальнага даследчага інстытута развіцця камунікацый (Масква), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскай духоўнай акадэміі.

Адукацыйная праграма была накіравана на падтрымку маладых даследчыкаў з розных краін, развіццё міжнародных кантактаў, фарміраванне агульных падыходаў і поглядаў на развіццё ўнутраных і міжнародных працэсаў і інстытутаў.

Міжнародная летняя школа маладых даследчыкаў і аналітыкаў праводзіцца ўжо не першы год. Аднак Беларусь прымала ў сябе гасцей форуму ўпершыню - адзначыла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага даследчага інстытута развіцця камунікацый, прафесар Валянціна Комлева, - і выказала ўпэўненасць, што адукацыйны праект паслужыць умацаванню адукацыйных сувязяў паміж нашымі краінамі.

Тэма Міжнароднай летняй школы сёлета няпростая, але вельмі цікавая, - падзяліўся меркаваннем старшыня Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла іерэй Святаслаў Рагальскі: «У гэтай школе аб'ядналіся духоўныя і адукацыйныя ўстановы, таму такі вопыт стане неацэнным для ўсіх удзельнікаў праекта, які яны потым змогуць трансляваць у розныя сферы грамадскага жыцця».

Тыднёвая праграма школы маладых даследчыкаў уключала разнапланавыя мерапрыемствы, аб'яднаныя тэмай узаемадзеяння Царквы і моладзі. Маладыя сацыёлагі і аналітыкі прынялі ўдзел у лекцыях, прэзентацыях, трэнінгах і майстар-класах. Асвоілі інструментарый правядзення сацыялагічнага апытання, аналізу інфармацыйнай прасторы, сацыяльных праектаў, падрыхтоўкі аналітычных дакументаў.

Вынікам працы ўдзельнікаў форуму стала справаздача, якая ўключае аналіз праблем і перспектыў сацыяльнага партнёрства моладзі і Праваслаўнай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама прапановы і ідэі ўдзельнікаў форуму.

Па завяршэнні Міжнароднай школы маладых даследчыкаў і аналітыкаў усім удзельнікам былі ўручаны дыпломы.

16 ліпеня для ўдзельнікаў форуму будзе арганізавана культурна-асветніцкая праграма ў горадзе Полацку.

christeducenter.by/Church.by

Фотарэпартаж