Жыровіцкі манастыр наведала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта
19 ліпеня 201918 ліпеня 2019 года Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр наведала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Качанава.
Наталлю Іванаўну сустракалі архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, намеснік Жыровіцкага манастыра, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Іосіфавіч Дзяшко, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Антонавіч Лаўрыновіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Андрэевіч Лісковіч і іншыя афіцыйныя асобы.
Візіт кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыўся ў рамках падрыхтоўкі да юбілейных урачыстасцей Жыровіцкай абіцелі ў 2020 г.: 550-годдзя з часу яўлення цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя заснавання манастыра.
«Манастыр — значная праваслаўная святыня. Юбілейныя даты не застануцца без увагі. Святочныя мерапрыемствы прыцягнуць вялікую колькасць гасцей. Важна правесці свята на самым высокім узроўні. Падрыхтоўка да яго ўжо стартавала. У найбліжэйшы час будзе створаны арганізацыйны камітэт, будзе прапрацавана канцэпцыя свята. Важна завяршыць падрыхтоўчыя работы да канца сакавіка 2020 года, каб да святочных мерапрыемстваў аб'екты паўсталі ў абноўленым выглядзе. Пры гэтым асаблівую ўвагу трэба надаць якасці: памылак, пралікаў на аб'ектах такога ўзроўню быць не можа», — паведаміла Н. І. Качанава.
Падчас наведвання манастыра кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта азнаёмілася з ходам работ па рэканструкцыі аб'ектаў абіцелі. Раней, у прыватнасці, быў ўведзены ў эксплуатацыю будынак трапезнай з гасцініцай для паломнікаў.
Неўзабаве пачнуцца работы па рэканструкцыі братняга корпуса, якія прадугледжваюць абнаўленне фасада, даху, замену вокнаў і дзвярэй, іншыя рамонтныя работы. Праект ужо гатовы і праходзіць экспертызу. Таксама вядуцца праектныя пошукі па рэстаўрацыі званіцы манастыра.
План падрыхтоўкі да свята прадугледжвае рэканструкцыю, рамонт і ўвод у эксплуатацыю каля 30 аб'ектаў. У тым ліку будзе абноўлена цэнтральная плошча аграгарадка. Запланавана цеплавая рэабілітацыя, рамонт фасадаў, абнаўленне даху Дома культуры, навучальных будынкаў і інтэрната аграрна-тэхнічнага каледжа. Вядзецца капітальны і бягучы рамонт жылля, працягваецца абнаўленне ліній сувязі, газа -, вода-і электразабеспячэння, ідзе замена дарожнага пакрыцця ў аграгарадку і на пад'ездзе да яго.