Развітанне з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам адбылося ў Мінску
01 апреля 20161 красавіка ў Мінску адбылося развітанне з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам.
Некалькі тысяч чалавек прыйшлі на апошнюю сустрэчу з паэтам у Петра-Паўлаўскі сабор.
Спачуванні з нагоды спачыну Ніла Сымонавіча выказалі мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
“Шчырасць, спавядальнасць, грамадзянскасць вершаў Ніла Гілевіча зрабілі яго творчасць неад’емнай часткай беларускай культуры. Роля сапраўднага паэта блізкая да ролі прарока. Сваёй душой ён успрымае дух народа, яго спадзяванні, яго боль, падзяляе з ім трагізм яго лёсу. Такой была творчасць Ніла Гілевіча, пры тым, што заўсёды, нават у самыя цяжкія часы выпрабаванняў, ён заставаўся паэтам, закаханым у жыццё”, — сказана ў спачуванні мітрапаліта Філарэта.
“Адыход з жыцця яркага і таленавітага мастака слова адгукнуўся болем ў сэрцах беларусаў. Ніл Сымонавіч усё сваё жыццё і творчасць прысвяціў свайму народу і пакінуў для нашчадкаў каштоўны скарб. Яго шматлікія творы з’яўляюцца неад’емнай часткай беларускай культуры”, — адзначаецца ў спачуванні мітрапаліта Паўла.