24 кастрычніка ў Жыровіцкім манастыры ўшанавалі гадавіну архіерэйскай хіратоніі незабыўнага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева)

24 кастрычніка 2021

top.jpg

24 кастрычніка 2021 года, у Нядзелю 18-ю пасля Пяцідзесятніцы, намеснік Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра Успення Прасвятой Багародзіцы архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый здзейсніў Бажэственную літургію ў Успенскім саборы абіцелі.

Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі брація абіцелі ў свяшчэнным сане, духавенства Мінскай духоўнай семінарыі і Навагрудскай епархіі. Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Георгій Пшанко.

Богаслужэбныя спевы выканаў мужчынскі хор Мінскай духоўнай семінарыі пад кіраваннем протадыякана Андрэя Скробата.

На патроенай екценні была ўзнесена малітва за Беларусь.

Пасля заамвоннай малітвы архіепіскап Гурый узначаліў памінальную ліцію аб Высокапраасвяшчэнным мітрапаліце Філарэце (Вахрамееве) у сувязі з гадавінай яго архіерэйскай хіратоніі.

Па заканчэнні нядзельнага набажэнства Высокапраасвяшчэннейшы Гурый звярнуўся да багамольцаў са словам настаўлення на тэму Евангельскага чытання аб уваскрашэнні сына Наінскай удавы. Разважаючы аб значэнні смерці для хрысціяніна, архіпастыр сказаў:

«Хрысціянін павінен ведаць, што смерці няма, што чалавек пераходзіць у іншую форму быцця, больш дасканалую. Трэба памятаць нам, што Гасподзь стварыў нас для жыцця і радасці вечнай. І пра што хрысціянін толькі павінен перажываць, каб пераход у жыццё вечнае не стаў для яго пачаткам пакут за нераскаяныя грахі. Але Царква нам адкрывае, што і грэшнікі могуць спасціся, успадкаваць жыццё вечнае, калі яны пакаюцца. <…>

З гісторыі хрысціянства мы ведаем мноства прыкладаў, калі раскаяныя грэшнікі атрымлівалі прабачэнне і атрымлівалі вечныя мясціны — мясціны радасці. Для нас жа ўстаноўлены таінствы святой споведзі і прычашчэння, дзе мы можам ачысціцца ад усякага граху і мець надзею на міласэрнасць Божую. Пры гэтым трэба нам здзяйсняць і добрыя справы — справы міласэрнасці, як знак нашага шчырага пакаяння. І, вядома, мы павінны маліцца за сваіх памерлых блізкіх, у памяць іх таксама здзяйсняючы добрыя справы, заказваючы ў храмах саракавуст, паніхіды, чытанне Псалтыра, таму што яны ўжо не могуць пакаяцца, не могуць сабе дапамагчы. <…>

Пра гэта мы асабліва павінны памятаць у наш няпросты час — час, калі ковід забірае жыцці нашых суайчыннікаў», — сказаў на заканчэнне Высокапраасвяшчэнны ўладыка.

Па заканчэнні брацкай трапезы намеснік манастыра архіепіскап Гурый разам з браціяй манастыра здзейсніў памінальнае набажэнства ля магілы мітрапаліта Філарэта.

У гэты дзень таксама паніхіду на месцы спачыну мітрапаліта Філарэта на брацкіх могілках Успенскага Жыровіцкага манастыра здзейсніў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.

За паніхідай маліліся сакратар Гродзенскай епархіі протаіерэй Мікалай Лабынько і клірык Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна дыякан Дзімітрый Бровушкін.

Навагрудская епархія/Сhurch.by