350 тысяч вернікаў прайшлі хрэсным ходам па вуліцах Кіева

27 ліпеня 2021

top.jpg

Усеўкраінскі хрэсны ход з нагоды 1033-годдзя Хрышчэння Русі і дня памяці святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра адбыўся ў Кіеве 27 ліпеня 2021 года. Па прыблізных дадзеных, у малітоўным шэсці прынялі ўдзел 350 тысяч чалавек.

Хрэсны ход пачаўся ў 13.30 пасля падзячнага малебна на Уладзімірскай горцы, ля помніка святому роўнаапостальнаму вялікаму князю Уладзіміру, Хрысціцелю Русі. Урачыстае малітоўнае шэсце прайшло з мошчамі святога князя Уладзіміра і цудатворнымі абразамі Прасвятой Багародзіцы, якія былі дастаўлены ў Кіеў з розных рэгіёнаў Украіны.

Удзельнікі хрэснага ходу неслі крыжы, харугвы, абразы, а таксама таблічкі з назвамі епархій і плакаты ў падтрымку кананічнай Украінскай Праваслаўнай Царквы.

У пачатку велічнай калоны ішлі сёстры міласэрнасці, манахі, свяшчэннікі і архіерэі на чале з Блажэннейшым мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны Ануфрыем. За Прадстаяцелем Украінскай Праваслаўнай Царквы ішлі прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый Антыяхійскай Праваслаўнай Царквы, Сербскай Праваслаўнай Царквы і Праваслаўнай Царквы Чэшскіх зямель і Славакіі, шматлікія прадстаўнікі прыходаў з усіх 53 епархій Украінскай Праваслаўнай Царквы, групы паломнікаў з Грузіі, Польшчы і Чарнагорыі, кіяўляне і госці ўкраінскай сталіцы.

Падчас шэсця вернікі спявалі малітвы і трапар Вялікадня, вітаючы ўдзельнікаў і сведкаў маштабнага шэсця словамі «Хрыстос уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!»

На вуліцы Грушэўскага Блажэннейшы мітрапаліт Ануфрый, духавенства і міране спыніліся ля паклоннага крыжа і ўзнеслі малітвы за спачын душ загінуўшых у цэнтры Кіева ў лютым 2014 года. Архіерэі ўсклалі кветкі.

З прычыны велізарнай колькасці ўдзельнікаў, хрэснае шэсце па маршруце працягласцю 3,5 кіламетра працягвалася некалькі гадзін. Каля 14.30, калі святыні пад святочны перазвон ўнеслі ў Кіева-Пячэрскую Лаўру, дзесяткі тысяч вернікаў яшчэ чакалі на Уладзімірскай горцы магчымасці далучыцца да агульнага шэсця.

Пасля прыбыцця духавенства ў Лаўру на плошчы перад Успенскім саборам пачалося ўсяночнае трыванне.

Пасля заканчэння малітоўнага шэсця адбыўся брыфінг для прадстаўнікоў СМІ. У гэтым годзе ў хрэсным ходзе прынялі ўдзел 350 тысяч праваслаўных вернікаў — такую лічбу падчас брыфінгу агучыў Кіраўнік спраў Украінскай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Барыспальскі і Браварскі Антоній.

Раніцай 28 ліпеня ў Кіева-Пячэрскай лаўры адбудзецца Бажэственная літургія. Шэраг украінскіх СМІ будуць ажыццяўляць прамую трансляцыю богаслужэння.

Патрыярхія.ру/Church.by