У музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстаўка «Кніжныя скарбы Куцеінскага манастыра»
20 кастрычніка 202319 кастрычніка 2023 года ў рамках Х Міжнароднага кангрэса «Бібліятэка як феномен культуры» ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё выставы «Кніжныя скарбы Куцеінскага манастыра».
Экспазіцыя прымеркавана да 400-годдзя з дня заснавання Багаяўленскага Куцеінскага мужчынскага манастыра.
На выставе можна азнаёміцца са старонкамі гісторыі манастыра, а таксама выданнямі манастырскай друкарні — галоўнага цэнтра кірылічнага кнігадрукавання ХVII стагоддзя на землях Беларусі, і кнігамі манастырскай бібліятэкі. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі экспануецца рукапісны помнік — Сінодзік Куцеінскага манастыра XVIII стагоддзя, узор перакладной літаратуры «Аповесць пра Варлаама і Іосіфа», «Актоіх» Іаана Дамаскіна, адно з найпрыгажэйшых літургічных выданняў «Трыфалагіён» і іншыя экспанаты. Увазе цікаўных таксама прадстаўлены шэраг кірылічных выданняў і рукапісаў XVII-XVIII стагоддзяў з запісамі Куцеінскага манастыра. Сярод іх — рукапісныя ноты «Ірмалогій» XVII стагоддзя, маскоўскія і кіеўскія богаслужэбныя старадаўнія гравюры.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства звярнуўся генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. Ён успомніў словы Уладзіміра Караткевіча з прадмовы да п'есы «Званы Віцебска» пра тое, што час, калі быў заснаваны манастыр, стаў перыядам адстойвання культурнай прыналежнасці беларусаў. Менавіта манастырскія брацтвы захоўвалі сапраўдныя духоўныя каштоўнасці і далі плеяду знакамітых беларускіх асветнікаў.
Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі Мінскай духоўнай акадэміі. Загадчык акадэмічнай бібліятэкі імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Ілья Перчанка выказаў удзячнасць за запрашэнне і адзначыў маштаб юбілейных мерапрыемстваў, якія адбыліся ў Куцеінскім Богаяўленскім манастыры ў верасні 2023 года.
У дар Нацыянальнай бібліятэцы быў перададзены паштовы блок, выпушчаны ў супрацоўніцтве з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь да значнай юбілейнай даты. Падарунак будзе прадстаўлены на выставе.
Старонкі гісторыі манастыра асвятліў у сваім выступленні магістр гістарычных навук, супрацоўнік Мінскай духоўнай акадэміі Аляксей Дзямідаў.
Падрабязна аб значнасці, унікальнасці і асаблівасцях такога кніжнага помніка ХVII стагоддзя, як нотны зборнік «Ірмалагіён» з манастырскага кнігазбору, распавяла дацэнт кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства Ірына Жукоўская.
З экспазіцыяй прысутных азнаёміла загадчыца навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Марыя Шопіна.
Выстава будзе працаваць у музеі кнігі (памяшканне 347) да 30 лістапада 2023 года. Дата яе завяршэння можа быць зменена.
Час працы выставы адпавядае рэжыму працы музея кнігі. Уваход — па білеце чытача або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефоны для даведак: 8-017-2932781, 8-017-2932722.
* * *
У 1623 годзе пан Багдан Статкевіч вылучыў сродкі на будаўніцтва праваслаўнага Богаяўленскага манастыра каля Оршы, які служыў таксама кніжным цэнтрам. У 1630-1654 гадах пры манастыры працавала Куцеінская друкарня. Манастырская друкарня выдавала навукова-асветніцкую, царкоўна-палемічную і свецкую літаратуру на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах. Выданні адрозніваліся своеасаблівым графічным афармленнем.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі/Church.by
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,