41 хор прыняў удзел у 18-м Міжнародным фестывалі праваслаўных спеваў «Каложскі дабравест»

25 лютага 2019

top.jpg

23 лютага ў зале Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра былі падведзены вынікі XVIII Міжнароднага фестывалю праваслаўных спеваў «Каложскі дабравест». Гран-пры песеннага форуму прысуджаны мужчынскаму хору «Усіхсвяцкі» мінскага прыхода ў гонар Усіх святых.

Адкрываючы гала-канцэрт, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій падзякаваў Гродзенскаму аблвыканкаму, кіраўніцтву горада і ўсім, хто прыняў удзел у арганізацыі фестывалю.

— Найніжэйшы паклон усім гасцям, якія прынялі ўдзел у нашым песенным форуме. Сёння няпросты час, і менавіта таму так важна збірацца ўсім разам і паказваць свету наша адзінства веры, — сказаў Яго Высокапраасвяшчэнства. Ён таксама адзначыў вялікую цікавасць гледачоў, што, на думку уладыкі, кажа аб неабходнасці працягваць і развіваць фестываль.

18-ы па ліку «Каложскі дабравест» сабраў 41 свецкі і царкоўны хор з васьмі краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Сербіі і Румыніі. У рамках фестывалю таксама прайшлі вячэрнія канцэрты ўдзельнікаў, адкрыццё мастацкіх выстаў, кіналекторыі і вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні.

Гродзенская епархія / Church.by