Роўна 500 гадоў таму Францыск (Георгій) Скарына выдаў Псалтыр

06 жніўня 2017

top.jpg

Роўна палову тысячагоддзя таму, 6 жніўня 1517 года, ураджэнец старажытнага беларускага горада Полацка Францыск (у Святым Хрышчэнні Георгій) Скарына выдаў у чэшскай Празе Псалтыр. З гэтага моманту пачынаецца гісторыя ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Характэрна, што Псалтыр Скарыны была падзелена на 20 кафізм (слаў), згодна праваслаўнай традыцыі.

На працягу 1517-1519 гадоў асветнік выпусціў яшчэ 23 кнігі Бібліі на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі. Сярод мецэнатаў Скарыны быў вялікі гетман Літоўскі, праваслаўны князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі.

У 1520 годзе першадрукар пераехаў у Вільню, дзе заснаваў першую на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага друкарню. Тут у 1522 годзе пабачылі свет «Малая подорожная кніжыца» і «Апостал».

Сваю асабістую мэту выдання Бібліі вялікі палачанін сфармуляваў так: «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Выдавецкая справа была для Скарыны сродкам праслаўлення Творцы і асветы народа, подзвігам любві да Бога і блізкіх.   

Church.by