Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі «Душпастырства і сацыяльная дапамога зняволеным у месцах пазбаўлення волі»
07 лістапада 2017У Ніжагародскай духоўнай семінарыі прайшла V міжнародная канферэнцыя прадстаўнікоў Рускай Праваслаўнай і Рымска-Каталіцкай Цэркваў на тэму «Душпастырства і сацыяльная дапамога зняволеным у месцах пазбаўлення волі».
Форум быў арганізаваны Сінадальным аддзелам па турэмным служэнні РПЦ сумесна з Ніжагародскай мітраполіяй і Федэральнай службай выканання пакаранняў.
Удзельнікамі канферэнцыі сталі: вікарый Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, старшыня Сінадальнага аддзела па турэмнаму служэнню РПЦ епіскап Краснагорскі Ірынарх; мітрапаліт Ніжагародскі і Арзамаскі Георгій; архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый; рэктар Ніжагародскай духоўнай семінарыі, вікарый Ніжагародскай епархіі епіскап Балахнінскі Ілья; прадстаўнікі духавенства Расіі, Украіны, Беларусі, Малдовы, Азербайджана, Казахстана і Узбекістана, супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі Расійскай Федэрацыі і Федэральнай службы выканання пакаранняў Расійскай Федэрацыі, выкладчыкі духоўнай семінарыі.
У дэлегацыю Рымска-Каталіцкай Царквы ўвайшлі прадстаўнікі епіскапату, органаў улады, пенітэнцыярных устаноў і вучоных з краін Еўропы.
Канферэнцыя была прызначана для турэмных святароў і супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай сістэмы, якія працуюць сумесна з прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый з мэтай перавыхавання і падрыхтоўкі асуджаных да вяртання ў грамадзянскую супольнасць пасля вызвалення.
На канферэнцыі разглядаліся пытанні, якія тычацца літургічнай і богаслужэбнай практыкі ў месцах пазбаўлення волі ў розных краінах, развіцця інстытута турэмнага духавенства, арганізацыі і падтрымкі парафіяльных суполак, акармлення папраўчых устаноў, процідзеяння экстрэмісцкім вучэнням і прафілактыкі радыкалізму.
У завяршэнне форуму адбылася прэзентацыя зборніка метадычных указанняў для турэмных капеланаў і была прынята выніковая рэзалюцыя.