У Мінску адбыўся міжрэлігійны семінар на тэму «"Адкрытыя праблемы" этыкі ў душапастырскай працы»

25 кастрычніка 2021

top.jpg

25 кастрычніка 2021 года ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау ў горадзе Мінску ў рамках цыкла адукацыйных мерапрыемстваў «Душапастырская праца і духоўнае сведчанне ў XXI стагоддзі» адбыўся міжрэлігійны семінар на тэму «"Адкрытыя праблемы" этыкі ў душпастырскай працы».

Семінар прайшоў пры арганізацыйнай падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», рэлігійных абшчын і арганізацый.

Мерапрыемства было арганізавана з мэтай абмену вопытам рэлігійных супольнасцяў на аснове традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў з улікам найноўшых тэндэнцый у вырашэнні так званых "адкрытых праблем этыкі". У ходзе дыскусій і ва ўзаемадзеянні ў працоўных групах удзельнікі падзяліліся прыкладамі свайго разнастайнага духоўнага вопыту, разгледзелі магчымасць найлепшага вырашэння цяжкіх этыка-маральных дылем ў паўсядзённым жыцці сучаснага верніка праз прызму асабістай адказнасці і асэнсавання такіх феноменаў, як пакаянне, прабачэнне, прымірэнне.

Праграма семінара ўключала абмеркаванні дакладаў, дыскусіі, майстар-класы, працу ў групах.

З боку Беларускай Праваслаўнай Царквы на семінары выступілі протаіерэй Сергій Гардун, першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ, кандыдат багаслоўя з дакладам «Душпастырская праца ў кантэксце выклікаў сучаснасці»; святар Святаслаў Рагальскі, старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», кандыдат багаслоўя, дацэнт кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі БДУ з дакладам «Уклад мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) у міжканфесійны і міжрэлігійны дыялог у Беларусі. Пачатак і працяг сёння»; протаіерэй Аляксій Васін, кандыдат багаслоўя, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі, клірык Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска з дакладам «Хрысціянскі адказ на так званыя "адкрытыя праблемы" экалагічнай этыкі».

У ходзе мерапрыемства таксама прагучалі даклады прадстаўнікоў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, старшыні Савета імамаў Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрыя Радкевіча, галоўнага рабіна Рыгора Абрамовіча і намесніка старшыні рэлігійнага аб'яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізму ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіла Кемерава.

Працягам семінара стаў майстар-клас «Асаблівасці пастырскага акармлення сем'яў у сітуацыі рэпрадуктыўнага выбару: пытанне прымянення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій (ДРТ)», які правялі протаіерэй Павел Сярдзюк – настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Японскага, бакалаўр багаслоўя, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства і Вераніка Сярдзюк – кавалер ордэна Маці (2017), магістр гуманітарных навук, старшыня грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля», лаўрэат Каляднай прэміі Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» (2019).

Church.by