Архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора сталіцы адзначыў сваё 5-годдзе
28 лютага 2019Справаздачным канцэртам «Душой і сэрцам з вамі...» адсвяткаваў сваё 5-годдзе архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.
24 лютага ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі не было свабодных месцаў. На канцэрт прыбылі святары, дзеячы культуры і мастацтваў, а таксама мноства мінчукоў, якія шануюць харавыя спевы і творчасць архіерэйскага хору. Са сцэны было зачытана прывітальнае слова мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, з пажаданнямі благаславёных поспехаў хору на далейшым творчым шляху.
У першым аддзяленні прагучала духоўная музыка класікаў і сучасных кампазітараў: протаіерэя Андрэя Бандарэнкі, Алега Моўчана, Наталлі Багадаевай. Галоўны дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь дзяржаўнай капэлы імя Р. Р. Шырмы Вольга Янум і кампазітар Алег Моўчан цёпла павіншавалі архіерэйскі хор з першым юбілеем. Наталля Гаплічнік, дырэктар Міжнароднага фестывалю праваслаўных спеваў «Каложскі дабравест», на якім хор двойчы стаў лаўрэатам першай ступені, перадала калектыву падарункі ад журы фестывалю.
Другое аддзяленне канцэрта складалася з рускіх, беларускіх, украінскіх песень у аранжыроўках для хору, а таксама вядомых эстрадных шлягераў. Эксклюзіўным падарункам для гледачоў стаў шэраг прэм'ер.
Саліравалі падчас канцэрту Уладзіслаў Вітушка, Аліса Лапянок, Глеб Драбышэўскі, Наталля Багадаева, Віктар Маісееў, Алег Пратасевіч. У зале гучалі авацыі, гледачы не адпускалі хор са сцэны.
— Мы збіраемся не спыняцца на дасягнутым, а імкнуцца да новых гарызонтаў — падкрэслівае рэгент архіерэйскага хору Віталь Сабалеўскі. — Безумоўна, наш план № 1 — працягваць служэнне ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Што ж тычыцца канцэртных пляцовак ... у бліжэйшы час будзем рады сустрэцца з гледачамі 7 сакавіка на святкаванні Дня праваслаўнай кнігі і 22 сакавіка на Велікапосных канцэртах. У красавіку плануем выкананне араторыі мітрапаліта Іларыёна (Алфеева) «Страсці паводле Матфея», у маі — велікодны канцэрт сумесна з Капэлай імя Шырмы.
Church.by будзе анансаваць наступныя выступленні архіерэйскага хору Свята-Духава кафедральнага сабора. Сачыце за абнаўленнямі на сайце.