Бібліятэцы Мінскай духоўнай акадэміі рашэннем Сінода БПЦ прысвоена імя мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

15 красавіка 2021

top.jpgРашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы (журнал № 4 ад 20 лютага 2021 года) бібліятэцы Мінскай духоўнай акадэміі прысвоена імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Утвораная ў 2015 годзе бібліятэка Мінскай духоўнай акадэміі з'яўляецца сховішчам унікальнага фонду багаслоўскіх і гістарычных даследаванняў, твораў святых айцоў, энцыклапедычнай, вучэбна-метадычнай літаратуры, навуковых і навукова-папулярных выданняў па розных галінах навукі і рэлігіі, выданняў на старажытных і сучасных замежных мовах, мастацкіх твораў. Асаблівую каштоўнасць фонду складаюць арыгінальныя рукапісныя, рэпрынтныя, старадрукаваныя і факсімільныя выданні, пачынаючы з XVI ст., а таксама буйны збор царкоўнай і свецкай перыёдыкі XIX–XXI стст. На пачатак 2021 года бібліятэчны фонд налічваў каля 66 тысяч адзінак захоўвання.

У 2020 годзе пачаў працу анлайн-праект «Электронная бібліятэка Мінскай духоўнай акадэміі». У рамках праекта ў адкрытым доступе прадстаўлены навуковыя публікацыі выкладчыкаў, аспірантаў і магістрантаў, матэрыялы навуковых канферэнцый, перыядычныя выданні, якія выпускаюцца Мінскай духоўнай акадэміяй, навучальныя дапаможнікі, метадычныя распрацоўкі і іншыя матэрыялы.

Church.by