Дабрачынны кірмаш LOVkE пачаў працу на пляцоўцы ля ўваходу ў Свята-Духаў кафедральны сабор

02 студзеня 2021

top.jpg

Дабрачынны кірмаш LOVkE пачаў працу сёння, 2 студзеня 2021 года, на пляцоўцы ля ўваходу ў Свята-Духаў кафедральны сабор. Кірмаш ладзіць брацтва ў гонар апостала Іаана Багаслова ў рамках акцыі «Каляды прыходзяць да кожнага».

Калі вы яшчэ не прыдумалі, чым парадаваць да свята сваіх блізкіх, то на кірмашы абавязкова знойдзеце арыгінальныя і зробленыя з любоўю падарункі: упрыгажэнні ручной работы, фірмовыя боксы ад брацтва Іаана Багаслова, калядныя вянкі, навагоднія цацкі, мыла ад Яны Вайтовіч, пернікі і іншыя прысмакі.

Для тых, хто не можа наведаць кірмаш, прадстаўлена магчымасць выбраць тавар анлайн. Фатаграфіі з вырабамі апублікаваныя на спецыяльна створанай старонцы ў Instagram. Тут можна зрабіць папярэдні заказ, а пазней атрымаць сваю пакупку па пошце.

Атрыманыя сродкі будуць накіраваны для дапамогі арганізацыям, якія знаходзяцца на апецы брацтва. Сярод іх — Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям інвалідам і маладым інвалідам, спецыялізаваны дзіцячы сад № 407 для малышоў, якія слаба чуюць, маленькія пацыенты Рэспубліканскага НПЦ траўматалогіі і артапедыі і Рэспубліканскага НПЦ дзіцячай хірургіі, а таксама іншыя арганізацыі.

Кірмаш LOVkE, арганізаваны па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, будзе працягвацца да 19 студзеня.

Сhurch.by