Больш за 100 чалавек прынялі ўдзел у злёце моладзі Гомельскай епархіі

13 чэрвеня 2017

top.jpg

Выхад за рамкі стэрэатыпаў і адкрыццё новых межаў — такімі сталі мэты традыцыйнага злёту моладзі Гомельскай епархіі, які прайшоў 11-12 чэрвеня 2017 года ў вёсцы Цяруха па благаславенню епіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана.

Злёт праводзіцца штогод, у адны з першых выходных чэрвеня. Юнакі і дзяўчаты, маладыя сем'і з прыходаў, моладзевых груп і брацтваў не толькі Гомеля, але і ўсёй Гомельскай епархіі збіраюцца на падвор'і Нікольскага мужчынскага манастыра, каб правесці час у асяроддзі сяброў. У гэтым годзе злёт сабраў больш за 100 чалавек.

Праграма злёту была вельмі насычанай. Наведванне храма Узнясення Гасподняга ў аграгарадку Новая Гута, стральба з пнеўматычнай зброі, квэст-гульня па арыентаванню на мясцовасці, выязное караоке, спартыўныя гульні — усё гэта толькі малая частка таго, што было падрыхтавана для ўдзельнікаў злёту.

У праграму таксама ўвайшлі пазнавальныя гутаркі і дыскусіі з архімандрытам Савам (Мажукам), дыяканам Леанідам Паляковым, на якіх кожны адкрыў для сябе нешта новае.

Адной з галоўных асаблівасцяў злёту з'яўляецца начная Літургія. Падчас гэтага богаслужэння дапамога свяшчэнніку ў алтары, чытанне, спевы на клірасе з'яўляюцца послухам удзельнікаў злёту.

Не абышлося без традыцыйных позніх гутарак ля вогнішча і паходных песень.

— У моладзевай групе свайго храма я знаходжуся ўжо не першы год, аднак выбрацца на злёт неяк не атрымлівалася, ды і я не была ўпэўненая, што пражыць выхадныя ў намётах пасярод лесу, удалечыні ад цывілізацыі — гэта весела і цікава. Але, прыехаўшы сюды, адчуўшы ўсю цеплыню, сабранай кампаніі, я зразумела, што шмат страціла за тыя гады, калі прапускала злёт, — падзялілася ўражаннямі актывістка моладзевай групы «Фавораўцы» Ганна Марціноўская.

Менавіта такім ўласным прыкладам праваслаўная моладзь Гомельшчыны паказвае, што ў Царкве кіпіць жыццё, што кожны знойдзе тут сябе і захоча вярнуцца. Збіраючыся ў зваротны шлях, кожны з удзельнікаў з упэўненасцю ведаў, дзе ён правядзе першыя чэрвеньскія выхадныя наступнага года.

Гомельская епархія / Church.by