Царкоўнай рабоце ў абарону жыцця і сям'і прысвяцілі заключнае пасяджэнне Калядных чытанняў у Мінску
02 снежня 2019Секцыя «Сямейна арыентаванае грамадства: духоўна-маральныя, сацыяльныя аспекты, пытанні міжведамаснага ўзаемадзеяння» завяршыла сваю працу ў рамках V Беларускіх Калядных чытанняў у Мінску 30 лістапада.
Старшынёй секцыйнага пасяджэння выступіў кіраўнік Сінадальнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства протаіерэй Павел Сярдзюк, настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Японскага ў горадзе Мінску.
Працу секцыі каардынавалі адказны сакратар камісіі, юрыст МГДА «Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» Кацярына Бутрым і дырэктар Цэнтра Вераніка Сярдзюк.
Удзельнікамі пасяджэння сталі кіраўнікі і супрацоўнікі епархіяльных аддзелаў у абарону жыцця і сям'і, сацыяльных і моладзевых аддзелаў епархій, духоўна-асветніцкіх цэнтраў пры парафіях, педагогі агульнаадукацыйных і нядзельных школ, дашкольных устаноў адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі, псіхолагі, прадстаўнікі СМІ.
Праца секцыі пачалася з малебна ў дамавым храме ў гонар свяціцеля Кірыла Тураўскага Мінскай духоўнай акадэміі.
Пасля прывітальнага звароту слова было прадастаўлена гасцям секцыі. Выхавальнік-метадыст ДУА «Яслі-сад № 77 горада Гродна» Святлана Рэзнік прадэманстравала майстар-клас «Дамашні ўклад праваслаўнай сям'і». На прыкладзе 3D-мадэлі дома выхавальнік прадэманстравала, як даступна і займальна можна расказаць дзецям і бацькам аб сямейных каштоўнасцях.
Вялікі рэзананс выклікала выступленне прадстаўнікоў Брэсцкай епархіі — педагогаў з горада Белаазёрска Бярозаўскага раёна С. Я. Чаховіч і І. Н. Радзівонавай «Дзіця як натхняльнік духоўна-маральнага развіцця бацькоў».
У 3-й белаазёрскай школе створаны кабінет духоўна-маральнага выхавання. З 2018 года ўстанова адукацыі з'яўляецца ўдзельнікам інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара».
У школе пішуць тэматычныя працы, створаны аб'яднанні па інтарэсах «Юны валанцёр» і «Добрае слова», вялікая ўвага надаецца вывучэнню гісторыі роднага краю. Шмат паездак дзеці з педагогамі здзяйсняюць па храмах, месцах вайсковай славы і іншых гістарычных славутасцях свайго раёна, вобласці і рэспублікі ў цэлым. Выязджаюць і за межы Беларусі. Так, летась разам з педагогамі яны наведалі Парыж, дзе змаглі пакланіцца цярноваму вянцу Збавіцеля і, вядома, пазнаёміліся з сусветна вядомымі славутасцямі сталіцы Францыі. У школе праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя праваслаўным святам: Пакрова Прасвятой Багародзіцы, Ражджаства, Вялікадня і інш.
У адрозненне ад сталічных школ, тут не праводзяць у якасці пазашкольнага мерапрыемства Хэлоўін. Прадугледжанае праграмай апавяданне аб гэтай традыцыі на ўроках англійскай мовы С. Я. Чаховіч не апускае, але распавядае пра вядомых брытанскіх святых, многія з якіх з'яўляюцца агульнымі для Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў. Бо менавіта свята Усіх святых адзначаецца ў каталіцкіх краінах 1 лістапада.
Праца па духоўна-маральнаму выхаванню працягваецца і падчас летніх канікул. 8 ліпеня, у дзень Пятра і Фяўронні (Дзень сям'і, любові і вернасці) у Белаазёрску ладзяць гарадское свята. Ва ўрачыстым шэсці ад сцен мясцовага храма па вуліцах горада людзі ідуць з вялізнымі рамонкамі, напярэдадні прыгатаванымі дзецьмі разам з настаўнікамі.
Што вельмі важна, педагогі імкнуцца прыцягнуць да пазашкольнай працы з дзецьмі бацькоў, для якіх арганізуюць спецыяльныя канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы. Педагогі ўпэўненыя, што менавіта ў актыўным бацькоўскім удзеле ў выхаванні дзяцей — залог моцных дзіцяча-бацькоўскіх і агульнасямейных адносін.
У рамках пасяджэння было закранута балючае пытанне святкавання ў школах Хэлоўіна. Адмяніць гэтае мерапрыемства ў канкрэтнай установе адукацыі можна, накіраваўшы ў раённы ці гарадскі аддзел адукацыі просьбу ад бацькоўскага таварыства.
Тэму працы са школьнікамі працягнула Алена Ярашэвіч, куратар праекта «За жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці» Фонду імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай, метадыст і лектар перасоўных выстаў па духоўна-маральнаму і сямейнаму выхаванню. З вопыту работы ў розных аўдыторыях Алена ведае, што тэма моцных сямейных адносін цікавая дарослым. І гэта нядзіўна: бо вырасла пакаленне дзяцей 90-х, бацькі якіх выхоўваліся без апоры на традыцыйны ўклад і духоўна-маральныя каштоўнасці.
— Дарослыя жыва адгукаюцца на інтэрактыўныя, залучаныя заняткі. Ім цікава пазнаваць нешта новае, нават калі гэта даўно забытае старое, пераказанае сучаснай мовай — кажа Алена і прапануе актыўна працаваць не толькі з дзецьмі, але і ў аўдыторыі ўжо сталых людзей.
Алена як педагог таксама настойвае на ўдзеле ў адукацыйным працэсе бацькі: «Без мужчын мы нічога не зможам». Яна кажа, што ўдзел у адукацыйных праектах святароў заўсёды ўносіць жывы струмень, таму што ў сучаснай школе пра сям'ю кажуць мала і ў асноўным жанчыны. Рэдкія таты ў сям'і вядуць даверныя размовы аб галоўным са сваімі дзецьмі. Таму шчырая і жывая гутарка са святаром, адкрытасць да дыскусіі добра прымаецца аўдыторыяй.
Адначасова ў дадатак і ў процівагу сказанаму — як раз пра актыўных тат — распавёў кіраўнік Цэнтра абароны жыцця і сям'і пры Гродзенскай епархіі іерэй Аляксандр Гук. Пры Марфінскім храме, у якім служыць святар, ужо 7 гадоў існуе сямейны клуб, у якім актыўны ўдзел прымаюць усе члены сям'і. Разам здзяйсняюць паломніцтва, ладзяць цікавыя мерапрыемствы, дапамагаюць сем'ям, якія звяртаюцца да іх па дапамогу. Не так даўно ў клубе з'явіўся яшчэ адзін напрамак — бацькаўскія сустрэчы, дзе пад кіраўніцтвам святара мужчыны знаёмяцца са святаайцоўскай літаратурай і вывучаюць царкоўнаславянскую мову.
У царкве вядзецца праца па дапамозе сем'ям, маці і дзецям, але ёсць асобная катэгорыя сем'яў, пра якую ўспамінаюць нячаста: сем'і святароў. Гэта, як правіла, шматдзетныя сем'і, дзе дзеці з прычыны занятасці бацькі таксама адчуваюць дэфіцыт мужчынскай увагі. Але ў гэтых сем'ях ёсць адмысловая культура адносін, якая не павінна быць страчанай і для захавання якой матушцы, жонцы святара, трэба прыкладаць шмат сіл. А яшчэ, будучы памочніцай мужа, матушкі шмат намаганняў прыкладаюць для арганізацыі супольнага жыцця. Адкуль чэрпаць рэсурс і ў каго пераймаць вопыт? Памочніца благачыннага Слуцкай царкоўнай акругі па моладзевай працы Анастасія Станкевіч распавяла аб епархіяльным злёце матушак, які адбыўся 19 лістапада ў Слуцку па благаславенню епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія. Жонкі святароў разам маліліся за малебнам, які ўзначаліў епіскап Антоній, абмеркавалі хвалюючыя іх пытанні, пашырылі кола знаёмстваў, пачулі пра цікавыя ініцыятывы і пагутарылі за кубкам гарбаты, пакуль дзяцей забаўляў аніматар. Гасцямі сустрэчы сталі матушка Ксенія Каляда з Навагрудскай епархіі і матушка Вераніка Сярдзюк, дырэктар Цэнтра «Матуля», якія распавялі пра свае ініцыятывы ўнутры сям'і і на прыходах.
Другую частку секцыйнага пасяджэння прысвяцілі абмеркаванню працы епархіяльных падраздзяленняў у абарону жыцця і сям'і. Тут востра паўстала пытанне аб неабходнасці больш цеснага міжепархіяльнага супрацоўніцтва. Для святароў вельмі важна мець магчымасць пераймаць чужы вопыт і дзяліцца сваім. Паступіла просьба арганізаваць мерапрыемствы больш вузкай накіраванасці, прысвечаныя асобным тэмам: рабоце супраць абортаў, дапамогі шматдзетным сем'ям, адзінокім маці, рабоце па дапамозе сем'ям у крызіснай сітуацыі. Таксама паўстала пытанне аб правядзенні нам месцах адзінага дня акцый у абарону жыцця і сям'і.
Протаіерэй Павел Сярдзюк нагадаў, што ў Бабруйску кожны год праводзіцца фестываль «Шчасце ў дзецях», прымеркаваны да Міжнароднага дня сям'і. Гэта добрая пляцоўка для абмену вопытам работы па розных кірунках.
Супрацоўнікі Сінадальнай камісіі ў абарону жыцця гатовыя выехаць на месцы з лекцыямі і майстар-класамі па наладжванню комплекснай дапамогі сем'ям, па бяспечных паводзінах дзяцей у сетцы Інтэрнэт, аказаць юрыдычную дапамогу, арганізаваць выязныя кансультацыі для бацькоў і педагогаў.
Як адзначыла адказны сакратар камісіі Кацярына Бутрым, для аператыўнай і якаснай дапамогі вельмі важная цесная сувязь з супрацоўнікамі кірунку на месцах. Прыкладам можа паслужыць супрацоўніцтва з цэнтрам «Анастасіс» пры Жыровіцкім манастыры, дзе шчыльна працуюць па пытаннях залежнасці і сазалежнасці. Разам з тым было адзначана, што людзі, якія звярнуліся па дапамогу ў канкрэтную епархію, пры немагчымасці знасці дапамогу там, павінны быць перанакіраваны ў Камісію. Епархіяльным каардынатарам важна адразу паведаміць Камісіі аб перанакіраванні, каб дапамога была аказана максімальна хутка і эфектыўна. Было закранута і пытанне этнаканфесійнай прыналежнасці: дапамога павінна аказвацца незалежна ад рэлігіі і нацыянальнасці чалавека, які звярнуўся за ёй.
Таксама быў зроблены акцэнт на неабходнасці правільнага міжведамаснага ўзаемадзеяння: з вопыту работы удзельнікаў сустрэчы, такое супрацоўніцтва з урачамі, педагогамі і спецыялістамі сацыяльнай сферы дае самыя плённыя вынікі.
Завяршальным этапам нарады стала абмеркаванне нацыянальнай мадэлі рэпрадуктыўнага здароўя і планавання сям'і ў Рэспубліцы Беларусь на 2019-2021 гады.
Найбольшую занепакоенасць выклікае прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій для лячэння бясплоддзя, выкарыстанне гарманальнай кантрацэпцыі, якая мае цэлы шэраг супрацьпаказанняў, а таксама пытанні сэксуальнай асветы падлеткаў. Прапануецца ў якасці альтэрнатыўнай меры па барацьбе з бясплоддзем, а таксама ў якасці бяспечнага для здароўя метаду адкладання зачацця знаёміць жанчын з метадамі распазнання плоднасці.
Заключэнні епархіяльных аддзелаў будуць разгледжаны Камісіяй і накіраваны ў Міністэрства аховы здароўя.
У завяршэнне працы секцыі ўсім удзельнікам ад Сінадальнай камісіі па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства і цэнтра «Матуля» былі ўручаны кнігі Л.А. Мартынавай «Інтэрактыўныя метады фарміравання ў старшакласнікаў сямейных каштоўнасцяў». Гэты дапаможнік, які заняў першае месца ў намінацыі «Лепшы зборнік метадычных распрацовак па сямейнаму выхаванню» ў канкуры «Скарбніца мудрасці» Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі.