Дзесяць кветак ад Вялікадня да Пяцідзесятніцы: выйшаў новы нумар часопіса «Ступені»
06 мая 2021Напярэдадні Светлага Хрыстовага Уваскрасення выйшаў у свет новы нумар часопіса Мінскай духоўнай семінарыі «Ступені».
Тэма нумара — «Дзесяць кветак ад Вялікадня да Пяцідзесятніцы» — прысвечана дзіўнаму перыяду жыцця Царквы і кожнага хрысціяніна, духоўны змест якога раскрываецца ў кнізе з дзіўнай назвай «Цвятная Трыёдзь». У ёй можна прасачыць дзесяць крокаў ад Вялікадня да Пяцідзясяніцы, якія мы закліканы рабіць разам з Царквой у сваім духоўным узрастанні, ва ўмацаванні веры і ў чаканні Сашэсця Святога Духа. Нядзельныя і святочныя дні гэтага перыяду знаёмыя нам, але іх глыбокі і карысны змест адкрываецца не адразу..
Прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай семінарыі іераманах Агафангел (Будзішын) нарадзіўся і вырас у Сербіі, а служыць Богу і Царкве ў Беларусі. У сваім інтэрв'ю ён распавядае, як склаўся такі шлях і чым Беларусь падобная на Сербію.
Епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід, які з 1990 па 2008 гады працаваў у Мінскіх духоўных школах, дзеліцца ўспамінамі аб натхняльных зносінах і радаснай будзённай працы побач з незабыўным мітрапалітам Філарэтам.
Дзіўны чалавек і пастыр — архіепіскап Яраслаўскі і Растоўскі Міхей (Хархараў) (1921-2005) з 1963 па 1969 гады быў намеснікам Жыровіцкага Успенскага манастыра, у якім нядаўна адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння вялікага архіпастыра. Апавяданне пра яго завяршае нумар.