Навігатар: Навіны

Епіскап Гродзенскі Антоній правёў шэраг арганізацыйных сустрэч з супрацоўнікамі епархіі

16 чэрвеня 2021

top.jpg

14 чэрвеня 2021 года епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній наведаў Гродзенскае епархіяльнае ўпраўленне і сустрэўся з супрацоўнікамі епархіі. Падзякаваўшы царкоўным працаўнікам за ўсё добрае, што было імі зроблена да цяперашняга часу, архіпастыр азнаёміўся з вядзеннем справаводства і працай епархіяльных структур, а таксама пазначыў напрамкі далейшай дзейнасці ўпраўлення.

У парафіяльным доме Пакроўскага кафедральнага сабора прайшла сустрэча яго Праасвяшчэнства з кіраўнікамі епархіяльных аддзелаў. На сустрэчы прысутнічалі: сакратар Гродзенскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Анатоль Ненартовіч, сакратар Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Мікалай Лабынько, каардынатар дзейнасці епархіяльных аддзелаў протаіерэй Аляксандр Балоннікаў. Айцец Аляксандр зрабіў даклад аб рабоце аддзелаў епархіі, яе напрамках, праектах, якія паспяхова ажыццяўляюцца кіраўнікамі і супрацоўнікамі аддзелаў. Правячы архіерэй падзякаваў дакладчыку і ўсім працаўнікам за служэнне, абазначыў шляхі актывізацыі дзейнасці аддзелаў.

У ходзе праведзеных сустрэч Праасвяшчэнны ўладыка пазнаёміўся з клірыкамі і супрацоўнікамі епархіі, распавёў аб бліжэйшых планах. Уладыка Антоній адзначыў высокі ўзровень працы епархіяльных падраздзяленняў і арганізацыі парафіяльнага жыцця ў Гродзенскай епархіі, а таксама заклікаў усіх працягваць працаваць разам, узяўшы за ўзор самаахвярнасць і адданасць Царкве першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта, які, дарэчы, у 1989-1992 гадах насіў тытул «Мінскі і Гродзенскі».

У завяршэнне дня архіпастыр у будынку нядзельнай школы Пакроўскага сабора сустрэўся з саборным духавенствам, працаўнікамі галоўнага храма Гродна, дырэктарам і выкладчыкамі нядзельнай школы, рэгентамі хораў. Усіх прысутных Яго Праасвяшчэнству прадставіў настаяцель сабора протаіерэй Георгій Рой. Адбылося абмеркаванне графіка богаслужэнняў сабора, работы нядзельнай школы, міранскай багаслоўскай Калегіі імя прападобнавызнаўцы Лявонція (Карповіча), прэс-службы.

Епіскап Антоній таксама адказаў на пытанні ўдзельнікаў сустрэч, паабяцаўшы падтрымку любых ініцыятыў, якія паслужаць царкоўнаму дабру.

Гродзенская епархія / Church.by