Хрысціянскаму адукацыйнаму цэнтру імя роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла — 20 гадоў
15 студзеня 201715 студзеня 2017 года ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся юбілейны Калядны вечар Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла».
Вечар прысвячаўся 20-годдзю афіцыйнага адкрыцця Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра як міжнароднага грамадскага аб'яднання. Урачысты сход ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» з'яўляецца грамадскай арганізацыяй, створанай па ініцыятыве Беларускай Праваслаўнай Царквы з мэтай сумеснай рэалізацыі царкоўна-дзяржаўных, эканамічных, сацыяльных, культурных і рэлігійных ініцыятыў на тэрыторыі як Рэспублікі Беларусь, так і іншых краін. Членамі Цэнтра з'яўляюцца святары і міране, прадстаўнікі культурнай і навуковай грамадскасці, кіраўнікі і супрацоўнікі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, вытворчых прадпрыемстваў. C 1997 па 2014 гады Цэнтр ўзначальваў мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), цяпер Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Юбілейны Калядны вечар Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра наведалі прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь, дыпламаты, кіраўнікі шэрагу вышэйшых навучальных устаноў.
Да ўсіх прысутных звярнуўся з прывітальным словам, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Архіпастыр выказаў падзяку ўсім, хто стаяў ля вытокаў стварэння Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра, і ў асаблівасці — мітрапаліту Філарэту. Патрыяршы Экзарх падкрэсліў, што асветніцкія пачынанні Цэнтра накіраваныя на тое, каб прывіць сучаснай моладзі светаадчуванне, заснаванае на традыцыйных духоўна-маральных хрысціянскіх каштоўнасцях і ідэалах, і спыніць тлятворны ўплыў, які аказвае на маладыя розумы секулярное грамадства. Мітрапаліт Павел нагадаў, што цяперашні год абвешчаны ў Рэспубліцы Беларусь Годам навукі, і выказаў надзею на тое, што агульныя намаганні Царквы, дзяржаўных структур, навуковай і культурнай супольнасці будуць садзейнічаць маральнаму аздараўленню маладога пакалення, захаванню міру і згоды ў Белай Русі.
Далей з прывітальным словам выступіла намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Іванаўна Радчанка. Начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Марыя Аляксандраўна Саротнік зачытала прывітальны адрас Міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі. Прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Мікалаевіч Ходзін зачытаў прывітальны адрас рэктара БДУ Сяргея Уладзіміравіча Абламейкі. Таксама арганізатараў, удзельнікаў і гасцей вечара павіталі іерархі Рымска-Каталіцкай Царквы — Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Габар Пінтэр і мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла» іерэй Святаслаў Рагальскі агучыў прывітальнае слова мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Затым адбылося традыцыйнае уручэнне Калядных прэмій Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра «За асаблівы ўклад у справу хрысціянскай асветы і адукацыі, руплівае служэнне Царкве Хрыстовай у справе выхавання моладзі, уклад у развіццё тэалагічнай адукацыі». У гэтым годзе прэмій былі ўдастоены протаіерэй Уладзімір Башкіраў і Таццяна Пятроўна Кароткая.
Протаіерэй Уладзімір Башкіраў — клірык Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі і Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, загадчык кафедры багаслоўя Інстытута тэалогіі. У 2009 годзе за дысертацыю «На шляху да Бога: багаслоўска-метадалагічны вопыт пабудовы сістэмы хрысціянскага веравучэння і этыкі» ўдастоены ступені доктара багаслоўя. За час акадэмічнай дзейнасці ім падрыхтавана і апублікавана 5 манаграфій і 111 артыкулаў навуковага і навукова-практычнага зместу. На працягу больш за дваццаць гадоў протаіерэй Уладзімір Башкіраў ажыццяўляе дзейную падтрымку міжканфесійнага дыялогу і адукацыйных праграм з хрысціянскімі Цэрквамі ў Еўропе.
Таццяна Пятроўна Кароткая — прафесар кафедры філасофіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, прызнаны айчынны спецыяліст у галіне рэлігіязнаўства, аналітык у галіне рэлігійнай антрапалогіі і філасофіі гісторыі. Член экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь па філасофскіх навуках і экспертнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. На працягу многіх гадоў ўзначальвала Дзяржаўную экзаменацыйную камісію ў Інстытуце тэалогіі БДУ. Аўтар больш за 90 навуковых прац.
Юбілейны вечар завяршыўся канцэртнай праграмай «Музычнае прынашэнне». У канцэрце прынялі ўдзел: Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. І. Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага, мітрапалічы хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам Віталя Іванавіча Сабалеўскага, хор хлопчыкаў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў імя я. А. Глебава пад кіраўніцтвам Уладзіміра Валер'евіча Глушакова.