Выдавецкі Савет Беларускай Праваслаўнай Царквы падвёў вынікі 2018 года

28 лістапада 2018

top.jpg

22 лістапада 2018 года адбылося пасяджэнне Агульнага сходу членаў Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы (далей — ВС БПЦ) з удзелам епархіяльных прадстаўнікоў, кіраўнікоў і супрацоўнікаў праваслаўных выдавецтваў БПЦ і свецкіх выдавецтваў, якія выпускаюць праваслаўную літаратуру.

Пасяджэнне ўзначаліў старшыня Выдавецкага савета епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел.

У пачатку ад імя ВС БПЦ епіскап Павел павіншаваў з 25-годдзем выдавецтва «Чатыры чвэрці» і ўручыў кветкі і падарункі яго дырэктару Ліліяне Фёдараўне Анцух. Затым прысутныя ўшанавалі памяць праваслаўнага пісьменніка Барыса Аляксандравіча Ганагі, які пайшоў з жыцця на 90-м годзе ў кастрычніку гэтага года. Памяці Барыса Аляксандравіча была прысвечана выстава кніг пісьменніка з архіва ВС БПЦ. Кніжная спадчына Б. А. Ганагі складае больш за 40 найменняў выданняў, агульны тыраж якіх перавысіў 2 мільёны асобнікаў. Усе яго кнігі праходзілі экспертызу ў ВС БПЦ.

Са справаздачай аб працы ВС БПЦ у 2018 годзе выступіў намеснік старшыні іерэй Алег Кунцэвіч. Ім былі падведзены вынікі дзейнасці Савета па розных напрамках, дадзены статыстычны аналіз працы калегіі па рэцэнзаванню і экспертнай ацэнцы і Сакратарыята Выдавецкага савета па пытаннях спрошчанага рэцэнзавання. Айцец Алег адзначыў, што ў параўнанні з 2017 годам назіраецца зніжэнне дзейнасці па выпуску літаратуры праваслаўнымі выдавецтвамі Беларускага Экзархату. У 2017 прысвоена 183 грыфа, а ў цяперашнім - на сённяшні дзень усяго 126 грыфаў.

Лідзіруючыя пазіцыі займаюць Выдавецтва Беларускага Экзархату і Выдавецтва Лізавецінскага манастыра, назіраецца павелічэнне іх выдавецкага патэнцыялу за кошт абнаўляльнасці рэпертуару, значны працэнт рэпертуару гэтых выдавецтваў складае новая арыгінальная літаратура для дзяцей. Плённа працуюць таксама «Издательство Дмитрия Харченко», ТАА «Медиал», Фонд «Духовное наследие митрополита Сурожского Антония» і іншыя.

Далей выступоўца распавёў аб дзейнасці ВС БПЦ у галіне кнігавыдання і арганізацыі кнігараспаўсюджвання.

У 2018 годзе Выдавецкім саветам выпушчаны тры выданні: «Запіскі мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі)» накладам 1000 асобнікаў і 2 манаграфіі паўторным перавыданнем протаіерэя Аляксандра Раманчука: «Іосіф (Сямашка), мітрапаліт Літоўскі і Віленскі: жыццё і служэнне» (наклад 3000 асобнікаў) і «Высокапраасвяшчэнны Іосіф (Сямашка), мітрапаліт Літоўскі і Віленскі: нарыс жыцця і царкоўна-грамадскай дзейнасці» (наклад 500 асобнікаў).

Неабходна адзначыць вартасці выдання «Запісак мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі)» - праведзена скрупулёзная праца па адаптацыі тэксту кнігі з дарэформавай арфаграфіі, беражліва захоўваліся асаблівасці аўтарскага тэксту і яго стылю. Адаптацыя выканана на высокім прафесійным узроўні кандыдатам філалагічных навук Эльвірай Валер'еўнай Ярмоленка. У цяперашні час праведзена такая ж праца з тэкстам «Запісак» Васілія Лужынскага, архіепіскапа Полацкага.

ВС БПЦ было арганізавана распаўсюджванне выданняў па епархіях. На сённяшні дзень увесь тыраж «Запісак» мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) разышоўся. Прададзена амаль 2500 асобнікаў манаграфіі протаіерэя Аляксандра Раманчука «Іосіф (Сямашка), мітрапаліт Літоўскі і Віленскі: жыццё і служэнне».

Нямала ВС БПЦ робіць у напрамку папулярызацыі кніг праваслаўных выдавецтваў Беларускага Экзархату.

Прадстаўнікі Выдавецкага савета прынялі ўдзел у святкаванні XXV Дня беларускага пісьменства 1-2 верасня ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.

ВС БПЦ у павільёне «Сучасная беларуская кніга» Міністэрства інфармацыі РБ арганізаваў выставу навінак праваслаўных выдавецтваў Беларускага Экзархату. Тут былі прадстаўлены: Новы Запавет на беларускай мове ў перакладзе Біблейскай камісіі БПЦ, выдадзены Выдавецкім саветам БПЦ у 2017 годзе, а таксама варыянт выдання гэтага перакладу кнігі Новага Запавету з прадмовай протаіерэя Сергія Гардуна, надрукаваны Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь. Акрамя таго дэманстраваліся пераклады на беларускую мову кніг «Прадмовы і пасляслоўі да кніг Бібліі Францыска Скарыны» (Мінск, 2018) «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча (Мінск, 2018) і многія іншыя.

2 верасня 2018 года ў павільёне «Сучасная беларуская кніга» былі праведзены дзве прэзентацыі:  першая прэзентацыя — твор Афанасія, ігумена Берасцейскага «Дыярыуш», перакладзены са старабеларускай на сучасную беларускую мову членамі Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў і упершыню выдадзенага асобнай кнігай у 2018 годзе прыходам Петра-Паўлаўскага сабора. Прэзентацыю правёў старшыня Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Мікалай Матрунчык. Выданне прымеркавана да 370-годдзя з дня пакутніцкай смерці святога ігумена Афанасія.

З цікавасцю была сустрэта прэзентацыя кніг «Іосіф (Сямашка), мітрапаліт Літоўскі і Віленскі (1798-1868): жыццё і служэнне» протаіерэя Аляксандра Раманчука і «Запіскі мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі)». Прэзентацыю правёў протаіерэй Аляксандр Раманчук, які прадставіў не толькі вышэй названыя кнігі, але і 2-е выданне сваёй кнігі «Мітрапаліт Іосіф (Сямашка): нарыс жыцця і царкоўна-грамадскай дзейнасці» (Масква, 2018).

Мерапрыемствы, праведзеныя ВС БПЦ у рамках святкавання XXV Дня беларускага пісьменства, яскрава прадэманстравалі ўклад Беларускай Праваслаўнай Царквы ў вывучэнне гісторыі Беларусі, у развіццё нацыянальнай кніжнай культуры, праваслаўнага кнігадрукавання на беларускай мове.

Выстава-продаж кніг ВС БПЦ, прысвечаных мітрапаліту Іосіфу (Сямашку) была арганізавана 24 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Мітрапаліт Іосіф (Сямашка; 1798-1868): асоба, эпоха, гістарычны шлях праваслаўя на беларускіх землях».

Выступоўца таксама адзначыў, што ў 2018 годзе Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь для дабрачыннай перадачы ў публічныя, школьныя і бібліятэкі ВНУ быў перададзены ў ВС БПЦ у колькасці 1500 асобнікаў пераклад кнігі Новага Запавету на сучасную беларускую мову з прадмовай протаіерэя Сергія Гардуна. Практычна ўвесь наклад быў распаўсюджаны. Найбольшую актыўнасць у гэтым праявіла Брэсцкая епархія, якая перадала ў бібліятэкі 400 асобнікаў кніг і прадставіла справаздачы, у тым ліку з фотаздымкамі актаў перадачы. Сінадальным аддзелам рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ таксама распаўсюджана 400 асобнікаў Новага Запавету, з адпаведнай справаздачай. Значная частка кніг распаўсюджана і ВС БПЦ. Інфармацыя аб гэтых акцыях перадавалася ў Біблейскае таварыства і размяшчалася на сайтах.

З мэтай прасоўвання на кніжны рынак, перш за ўсё, праваслаўнай літаратуры беларускіх аўтараў, надрукаванай у выдавецтвах БПЦ і стварэння ўмоў для яе распаўсюджвання ў епархіях Беларускага Экзархату ў 2018 годзе на сайце ВС БПЦ створана рубрыка «Круг чытання». Тут публікуюцца дайджэсты кніжных навінак беларускіх праваслаўных выдавецтваў, тэматычныя агляды выданняў беларускіх аўтараў, а таксама інтэрв'ю з вядомымі духоўнымі асобамі, свецкімі публічнымі персонамі, пісьменнікамі, выдаўцамі і проста цікавымі людзьмі, якія любяць і чытаюць кнігі.

Далей іерэй Алег Кунцэвіч распавёў пра дзейнасць гістарычнай камісіі ВС БПЦ, якая шмат у чым звязаная з выдавецкімі праектамі.

У 2018 годзе гістарычная камісія працягнула рэалізацыю праграмы па выданню корпуса кніг, прысвечаных праблемам Уніі і распаўсюджванню іх па епархіях БПЦ у адпаведнасці з праграмай святкавання 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня блажэннага скону мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі) і 180-годдзя Полацкага сабора 1839 года.

Акрамя названых вышэй выданняў, прысвечаных іітрапаліту Іосіфу (Сямашку) рыхтуюцца да друку макеты яшчэ трох кніг:

«Запіскі Васілія Лужынскага, архіепіскапа Полацкага», манаграфія іераманаха Аўраамія (Гулевіча) «Манаскія зарокі ў правілах ордэна базыльян XVII–XVIII стст. у святле аскетычнай традыцыі Праваслаўнай Царквы» і зборнік «Полацкая епархія (1833-1917 гг.): дакументы. Укладальнікі: канд. гіст. н. В. А. Цяплова, канд. багаслоўя А. М. Алекаеў».

У планах на 2019 год «Запіскі архіепіскапа Антонія (Зубко), протаіерэя Плакіда Янкоўскага і архімандрыта Уладзіміра (Цярлецкага)», манаграфія протаіерэя Аляксандра Раманчука «Полацкі сабор 1839 г.: перадумовы, здзяйсненне, наступствы».

Неабходна адзначыць, сказаў дакладчык, што за перыяд з 2014 па 2018 гады Гістарычнай камісіяй падрыхтавана і ВС БПЦ выдадзена 11 найменняў кніг, прысвечаных уніяцкай тэматыцы, што з'яўляецца значным укладам Беларускай Праваслаўнай Царквы ў раскрыццё гістарычнай праўды падзей прыняцця Уніі і перыядаў існавання Каталіцкай царквы ўсходняга абраду на тэрыторыі Беларусі першай траціны XIX стагоддзя, якія неадназначна ацэньваюцца гісторыкамі.

Далей выступоўца распавёў аб працы па інфармацыйнаму забеспячэнню і публікацыі вынікаў дзейнасці ВС БПЦ на афіцыйным сайце Савета і ў іншых СМІ.

На працягу справаздачнага перыяду на сайце ВС БПЦ рэгулярна публікаваліся абноўленыя дакументы, якія рэгламентуюць дзейнасць Савета, пратаколы пасяджэнняў Калегіі па рэцэнзаванню і экспертнай ацэнцы выданняў і Сакратарыята Выдавецкага савета па пытаннях спрошчанага рэцэнзавання.

Рубрыка «Каталогі» перыядычна папаўнялася звесткамі аб выданнях, якія атрымалі грыфы ВС БПЦ на аснове тых абавязковых асобнікаў, што паступалі ў архіў ВС. Рэгулярна прадастаўлялася інфармацыя аб падзеях і мерапрыемствах, якія праводзяцца ВС БПЦ і ВС РПЦ, а таксама аб кніжных навінках.

На сайце створана рубрыка, прысвечаная мітрапаліту Іосіфу (Сямашку), у якой матэрыялы размяшчаюцца па такіх раздзелах, як: Біяграфія са спасылкамі на найбольш аўтарытэтныя крыніцы; Працы (выстаўлены лічбавыя копіі яго «Запісак» 1883 года выдання); Публікацыі пра мітрапаліта Іосіфа (Сямашку) і Мерапрыемствы, прысвечаныя мітрапаліту Іосіфу (Сямашку).

У часопісе «Ведамасці Мінскай мітраполіі» друкавалася інфармацыя аб новых кнігах, якія атрымалі грыфы ВС БПЦ.

Нязменна штогадовай падзеяй, што арганізоўваецца ВС БПЦ, з'яўляецца святкаванне Дня праваслаўнай кнігі.

У 2018 годзе Дзень праваслаўнай кнігі праведзены ва ўсіх епархіях БПЦ. Аператыўная інфармацыя аб мерапрыемствах размяшчалася на інтэрактыўнай карце епархій сайта Выдавецкага савета Рускай Праваслаўнай Царквы і на сайтах адпаведных епархій.

Усяго епархіямі Беларускага Экзархату на перыяд люты - красавік 2018 г. было запланавана 677 мерапрыемстваў, праведзена — 680. У іх узялі ўдзел 46071 чалавек, што на 20% больш, у параўнанні з 2017 годам.

Мерапрыемствы ў асноўным праводзіліся на базе публічных (абласных, цэнтральных, раённых), дзіцячых і школьных бібліятэк, палацаў культуры, устаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі, нядзельных школ, храмаў. Асноўны склад удзельнікаў мерапрыемстваў — дашкольнікі, школьнікі, настаўнікі, студэнты і педагогі каледжаў і ВНУ, падлеткі, навучэнцы нядзельных школ, пенсіянеры, прыхаджане храмаў, а таксама вайскоўцы і святары.

Асноўнымі формамі правядзення мерапрыемстваў сталі гутаркі, прэзентацыі, кніжныя выставы, літаратурна-музычныя кампазіцыі, праваслаўныя краязнаўчыя ўрокі, дабрачынныя акцыі, гадзіны і ўрокі духоўнасці, сустрэчы з карыснай кнігай, духоўна-асветніцкія канцэрты, конкурсы чытальнікаў, тэматычныя ўрокі, вусныя часопісы, дыспуты, семінары, конкурсы твораў і малюнкаў, квэсты і многія іншыя.

Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня праваслаўнай кнігі адбылося 15 сакавіка 2018 года ў Духоўна-адукацыйным цэнтры Беларускай Праваслаўнай Царквы. Святкаванне было прысвечана 220-годдзю з дня нараджэння і 150-годдзю з дня блажэннага скону мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі) і праходзіла ў тэматычным кантэнце «Кніга ў гісторыі і культуры праваслаўнага славянства».

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Выдавецкі Савет Беларускай Праваслаўнай Царквы, Мінская духоўная акадэмія, Лізавецінскі жаночы манастыр у горадзе Мінску, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў святкавання Дня праваслаўнай кнігі звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён таксама ўручыў юбілейны медаль «У памяць 100-годдзя аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве» дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раману Сцяпанавічу Матульскаму. Патрыяршая ўзнагарода была ўручана згодна з указам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Гасцям свята была прадстаўлена літаратурна-дакументальная кампазіцыя пра вытокі Праваслаўя ў Беларусі і часы ўніяцтва, ролі кніжнай культуры ў асвеце праваслаўных хрысціян, паказаны фрагменты дакументальнага фільма, прысвечанага жыццю і дзейнасці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) і яго паплечнікаў.

Адбылася канцэртная праграма з удзелам камернага хору Salutaris (мастацкі кіраўнік і дырыжор Вольга Янум), зводнага хору Мінскай духоўнай акадэміі і Мінскага духоўнага вучылішча (рэгент Наталля Мядзведзь), дзіцячага хору гімназіі пры Лізавецінскім манастыры (рэгент Марыя Бахвалава), брацкага хору Лізавецінскага манастыра (рэгент Яўген Пракоф'еў).

У сценах духоўна-адукацыйнага цэнтра працавала выстава кніг беларускіх праваслаўных выдавецтваў, праводзіліся прэзентацыі кніжных навінак.

Урачыстасці Дня праваслаўнай кнігі з'яўляюцца значнай падзеяй не толькі для Праваслаўнай Царквы, але і для ўсёй Рэспублікі, аб чым сведчыць і ўвага да яго з боку СМІ. Многія тэлеканалы Беларусі, такія, як АНТ, СТВ, Беларусь-1, МІР 24, Мінск TV, асвятлялі падзеі свята. Інфармацыя пра яго публікавалася ў многіх друкаваных і электронных СМІ Беларусі і за яе межамі, на сайтах інфармагенцтва «БелТА», агенцтва «Мінск-Навіны», Sputnik.by, TUT.BY, газет «Царкоўнае слова», «СБ. Беларусь сегодня», на афіцыйным сайце БПЦ, сайце ВС БПЦ.

У актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі, дзе праходзіла пасяджэнне, экспанавалася выстаўка кніг, якія атрымалі грыфы Выдавецкага савета, вядучых праваслаўных выдавецтваў Беларускага Экзархату і свецкіх выдавецтваў, якія выпускаюць праваслаўную кнігу.

У канцы пасяджэння епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел падвёў вынікі працы і пажадаў усім дапамогі Божай у справе служэння на ніве духоўнай асветы.

Выдавецкі савет БПЦ / Church.by