Капсулу з зямлёй з Хірасімы і Нагасакі заклалі ў крыпце храма-помніка ў Мінску

20 ліпеня 2021

top.jpg

Урачыстая цырымонія закладкі капсулы з зямлёй з Хірасімы і Нагасакі адбылася 19 ліпеня 2021 года ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі.

На мерапрыемстве прысутнічалі пасол Беларусі ў Японіі Руслан Есін, начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталь Брэль, прадстаўнікі дыпкорпуса і грамадскага аб'яднання «Ветэраны Чарнобыля», студэнты БДУ.

«Нам, беларусам, блізкі і зразумелы боль японцаў, бо мы самі перажылі катастрофу на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, — адкрыў цырымонію настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар Поўны. — Нягледзячы на тое што трагедыя ў Хірасіме і Нагасакі — боль у першую чаргу японскага народа, гэта і наша агульная трагедыя страшных старонак гісторыі Другой сусветнай вайны».

Настаяцель Усіхсвяцкага прыхода падкрэсліў, што захаванне гістарычнай памяці — аснова добрых, трывалых стасункаў народаў Беларусі і Японіі.

Па заканчэнні кароткай ліціі ў адну з аніксавых ніш крыпты храма-помніка заклалі капсулу з зямлёй з Хірасімы і Нагасакі. У выніку ядзернай бамбардзіроўкі 6 і 9 жніўня 1945 года ў гэтых гарадах пацярпела каля 250 тысяч чалавек. Памяць аб той трагедыі, як і пра іншыя страшныя падзеі Другой сусветнай, з гэтага часу будзе захавана ў крыпце храма-помніка.

Фота: агенцтва «Мінск-Навіны»

minsknews.by/Church.by