Свяшчэннік Аляксандра-Неўскага храма сталіцы заклікаў Божае благаславенне на выпускнікоў Акадэміі МУС

24 чэрвеня 2017

top.jpg

23 чэрвеня 2017 года на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь адбыўся выпуск маладых афіцэраў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.

Па блаславенню настаяцеля прыхода храма святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску протаіерэя Мікалая Коржыча ключнік прыхода протаіерэй Дзімітрый Харошка па традыцыі  прыняў удзел ва ўрачыстым акце.

Перад лейтэнантамі выступілі Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, кіраўнікі сілавых ведамстваў і ганаровыя госці. Выпускнікам былі ўручаны дыпломы аб вышэйшай юрыдычнай адукацыі і нагрудныя знакі.

Айцец Дзімітрый звярнуўся да прысутных:

— Спадар міністр, спадары генералы, афіцэры, бацькі і блізкія, сёння выпускнікі атрымалі сваё першае афіцэрскае званне, і гэта стала знамянальнай падзеяй для іх.

У свядомасці беларускага чалавека афіцэр — гэта заўсёды захавальнік доблесці, гонару і справядлівасці. Таму будзьце справядлівыя, стаўцеся сумленна да тых людзей, якія здзяйсняюць у жыцці памылкі. Бо вам ад Бога дадзена ўлада быць захавальнікамі закона чалавечага, таго закона, які дазваляе нам жыць мірна. Таму хацелася б у гэты знамянальны дзень заклікаць на вашу далейшую службу Божае благаславенне.

Беражы вас Гасподзь!

Nevsky.by / Church.by