Кнігі праваслаўнай тэматыкі беларускіх выдавецтваў сталі лаўрэатамі Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»

25 лютага 2021

top.jpg

20 лютага 2021 года ў рамках XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 60-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

Сярод кніг, якія атрымалі грыфы Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы пераможцамі сталі выданні Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра і ТАА «Медыял».

У намінацыі «Духоўнасць» Дыплом II ступені атрымала кніга «Парады любячага бацькі. Выбраныя павучанні свяціцеля Мікалая Сербскага (Веліміравіча)», падрыхтаваная выдавецтвам Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

У зборніку свяціцеля Мікалая (Веліміровича), выдатнага сербскага багаслова XX стагоддзя і архіпастыра, філосафа і духоўнага пісьменніка, сабраны глыбокія па змесце, яркія па пераканаўчасці, паэтычныя па стылі і даступныя па прастаце выкладання выказванні. Гэта разважанні святога аб тым, якімі павінны быць адносіны чалавека да Бога, да бліжняга і да самога сабе. Натхнёныя словы сербскага мысляра кажуць пра веліч яго душы і гарачае жаданне даць чалавеку правільныя жыццёвыя арыенціры. Зборнік прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Тут апублікаваны і зварот да багалюбівага чытача цяпер спачылага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева).

У намінацыі «Беларусь памятае» спецыяльны дыплом атрымала факсімільнае выданне «Жыровіцкае Евангелле XVI стагоддзя». У падрыхтоўцы выдання прынялі ўдзел Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, ТАА «Медыял». Факсіміле рукапісу выдадзена накладам 45 асобнікаў і ўжо сёння з'яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю.

Жыровіцкае Евангелле ― беларускі рукапісны помнік XVI стагоддзя, які атрымаў назву па манастыры ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна Беларусі, дзе захоўваўся да сярэдзіны XIX стагоддзя. Пісана ўставам на 404 аркушах. Аздоблена застаўкамі, мініяцюрамі з выявамі евангелістаў, шматлікімі ініцыяламі. Мініяцюры ўзятыя ў шырокія пазалочаныя рамкі, арнаментаваныя геаметрычным і раслінным ўзорамі ў гатычным стылі. На 376-м і 377-м аркушах па-беларуску зроблены ўкладны запіс канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Захоўваецца рукапіс у бібліятэцы Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук.

Акрамя таго, некалькі выданняў па гісторыі Праваслаўя на Беларусі, выпушчаных свецкімі выдавецтвамі, таксама атрымалі высокія ўзнагароды.

Галоўную ўзнагароду ў намінацыі «Духоўнасць» атрымала энцыклапедыя «Жыровічы: пад святым Пакровам» Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі. Выданне прысвечана шануемай беларускай святыні ― Жыровіцкай іконе Божай Маці і адлюстроўвае 500-гадовую гісторыю Жыровіцкага Успенскага манастыра. Ва ўзаемадзеянні з выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» працу над энцыклапедыяй праводзіў навукова-рэдакцыйны савет, сфарміраваны і ўзначалены намеснікам Жыровіцкага Успенскага манастыра архіепіскапам Навагрудскім і Слонімскім Гурыем.

Спецыяльны дыплом у намінацыі «Духоўнасць» атрымала кніга «Завешчанае. Мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў)», складзеная А. А. Петрашкевічам і выдадзеная ТАА «Медыял». У зборніку сабраны публікацыі, якія раскрываюць пазіцыю мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) па пытаннях гісторыі, багаслоўя, жыцця грамадства і станаўлення асобы. У аснове гэтай кнігі ― архіўныя матэрыялы прэс-сакратара мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Андрэя Петрашкевіча, які служыў ім на працягу дваццаці аднаго года.

Гран-пры сярод усіх канкурсантаў атрымала выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» за кнігу-альбом «Храм-помнік зямлі Беларускай». Кніга прысвечана храму-помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску, які з'яўляецца сімвалам духоўнага адзінства нашай краіны. У ім захоўваецца памяць пра мільёны беларусаў, якія загінулі або раскіданыя па ўсім свеце рэвалюцыямі, войнамі, гвалтоўнымі перасяленнямі і рэпрэсіямі. Вялікая ўвага нададзена архітэктуры. Ідэйным натхняльнікам і куратарам гэтага праекта з'яўляецца настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар Поўны, таксама над кнігай працаваў вялікі аўтарскі калектыў: фатографы, дызайнеры, мастакі, укладальнікі, рэдактары.

Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы Church.by