Лаўрэатам Міжнароднага фестывалю «Гайнаўка-2017» стаў ансамбль старажытнарускага спеўнага мастацтва «Стрэчанне» з Мінска

01 чэрвеня 2017

top.jpg

З 24 па 28 мая 2017 года ў горадзе Беласток (Польшча) адбыўся XXXVI Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі «Гайнаўка-2017». Удзел у ім узялі 26 калектываў з васьмі краін свету: Польшчы, Расіі, Украіны, Малдовы, Македоніі, Літвы, Румыніі і Беларусі.

Гісторыя гэтага музычнага форуму пачалася ў далёкім 1982 годзе. З 2003 года фестываль праводзіцца на дзвюх пляцоўках — у Гайнаўцы і Беластоку.

Фестываль праходзіць пад ганаровым патранатам Прэзідэнта Польшчы. Неаднаразова яго лаўрэатамі станавіліся беларусы. У гэтым годзе другога месца ў намінацыі «Прыходскія харавыя калектывы» быў удастоены ансамбль старажытнарускага спеўнага мастацтва «Стрэчанне», які прыняў удзел у фестывалі «Гайнаўка-2017» па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Ансамбль «Стрэчанне» дзейнічае пры прыходзе храма Нараджэння Іаана Прадцечы ў Мінску. Яго заснавальнік і кіраўнік — магістр мастацтвазнаўства, выкладчык Мінскага духоўнага вучылішча і Беларускай акадэміі музыкі Вольга Суарэс, дырыжорскае майстэрства і рэгенцкая тэхніка якой былі адзначаны спецыяльным дыпломам журы фестывалю «Гайнаўка-2017».

У выкананні ансамбля «Стрэчанне» на фестывальнай сцэне прагучалі ўзоры розных пеўчых стыляў, існуючых у рускай богаслужэбнай практыцы да сярэдзіны XVIII стагоддзя. Акрамя знаменнага распеву ў аднагалоснай традыцыі, былі прадстаўлены ўсе стылі ранняга рускага царкоўнага шматгалосся: радковае, дзямественнае і знаменнае шматгалоссе, а таксама звычайны спеў раннепартэснага перыяду. Надаў увагу хор і беларускай галіне знаменнага распеву, выканаўшы сціхіру на хваліцех свята Нараджэння Іаана Прадцечы з Жыровіцкага ірмалоя пачатку XVII стагоддзя.

Крануў сэрцы гледачоў духоўны верш «Седе Адам...» у апрацоўцы Вольгі Бейшэр — пеўчай ансамбля. Менавіта гэты твор было абраны журы для выканання ансамблем «Стрэчанне» на гала-канцэрце.

У ходзе паездкі на польскую зямлю ансамбль наведаў Супрасльскі Благавешчанскі мужчынскі манастыр — традыцыйны аплот Польскай Праваслаўнай Царквы.

Варта адзначыць, што кіраўнік ансамбля «Стрэчанне» Вольга Суарэс — маці семярых дзяцей, узнагароджаная Ордэнам Маці. Палякі адзначаюць Дзень Маці 26 мая. Сімвалічна, што ў гэтым годзе конкурснае выступленне мінчан адбылося ў гэтае прыгожае свята, падарыўшы ўдзельнікам беларускага ансамбля двайную радасць.

Church.by