Міжканфесійная працоўная група Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Й. Рау наведала нямецкі горад Зіген

15 лістапада 2017

IMG_20171109_111009.jpg

З 7 па 12 лістапада 2017 года адбылася адукацыйная паездка міжканфесійнай працоўнай групы Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау ў горад Зіген (Федэратыўная Рэспубліка Германія). Паездка была арганізавана ў рамках рэалізацыі праекта Еўрапейскага Саюза «МОСТ» па абмене вопытам у галіне міжканфесійнага дыялогу і сацыяльнай работы.

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, ад Беларускай Праваслаўнай Царквы ў адукацыйнай паездцы прынялі ўдзел члены міжканфесійнай працоўнай групы іерэй Святаслаў Рагальскі, старшыня МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», і протаіерэй Аляксій Васін, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі.

На працягу візіту ўдзельнікі паездкі пазнаёміліся з работай Таварыства міжрэлігійнага супрацоўніцтва горада Зіген, наведалі актыўны музей Паўднёвай Вестфаліі, які знаходзіцца ў бункеры часоў Другой сусветнай вайны, а таксама прынялі ўдзел у памятным мерапрыемстве, які адбыўся на плошчы, дзе 10 лістапада 1938 года гітлераўцамі была спалена гарадская сінагога.

Удзельнікі паездкі наведалі дзіцячую клініку нямецкага таварыства Чырвонага Крыжа ў Дагендорфе, а таксама кансультацыйны цэнтр шлюбу і сямейнага жыцця Евангелічнай Царквы Вестфаліі, дзе прынялі ўдзел у абмеркаванні праблем сучаснай сям'і і хрысціянскага падыходу да іх вырашэння.

На афіцыйным узроўні мінскую дэлегацыю прыняў у гарадской ратушы бургамістр Зігена спадар Штэфі Мус, які ў сваёй прамове адзначыў асаблівую важнасць міжнароднага супрацоўніцтва на глебе міжканфесійнага дыялогу ў сучасным грамадстве. Гасцям было прапанавана зрабіць запіс у кнізе ганаровых гасцей горада. Мерапрыемства было асветлена ў газеце «Siegener Zeitung», а таксама ў іншых сродках масавай інфармацыі.

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр / Church.by