Мітрапалічы хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора абараніў гонар Беларусі на музычных форумах у Маскве і Беластоку

28 мая 2019

IMG-20190510-WA0016.jpgАдзіным беларускім калектывам, які прыняў удзел у XVIII Маскоўскім Велікодным фестывалі, стаў мітрапалічы хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.

Усяго ў сталіцы Расіі хор даў 3 канцэрты. Мінчанам апладзіравалі ў вялікай зале Маскоўскай духоўнай акадэміі. Цяпло было сустрэта і выступленне ў храме іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» на Вялікай Ардынцы, настаяцелем якога з'яўляецца старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў мітрапаліт Валакаламскі Іларыён (Алфееў). Авацыямі праводзіла беларусаў публіка ў зале Чайкоўскага Маскоўскай філармоніі, дзе хор ставіў фінальную кропку закрыцця харавой праграмы.

— Выступіць на Маскоўскай сцэне, звязанай са шматгадовымі традыцыямі музычнага мастацтва — гэта вельмі каштоўна, можна сказаць, неацэнна для нас — адзначыў рэгент Віталь Сабалеўскі ў інтэрв'ю для тэлеканала «Саюз».

У праграму канцэртаў увайшлі як класічныя духоўныя спевы, так і народныя песні, і творы сучасных кампазітараў. Разнастайнасць рэпертуару — адна з асаблівасцяў мітрапалічага хору. Самым наглядным чынам хор прадэманстраваў зваротную сувязь з гледачамі, выканаўшы па просьбе залы сербскую песню «Вера вечная, вера слаўная».

Сёлета хор прывёз на фестываль шмат прэм'ер. Так, спецыяльна для саліста Уладзіслава Вітушкі была зроблена новая аранжыроўка песні «Эх, дарогі» (музыка Анатоля Новікава, тэкст Льва Ашаніна, напісаная ў 1945 годзе).

IMG-20190510-WA0001.jpgМітрапалічаму хору Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора ўсяго 5 гадоў, але ён ужо атрымаў прызнанне не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ён з'яўляецца лаўрэатам I ступені міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі» (Польшча, 2017), лаўрэатам I ступені міжнароднага фестывалю «Каложскі дабравест» (Гродна, 2016, 2018), уладальнікам гран-пры рэспубліканскага фестывалю харавога мастацтва «Ад шчырага сэрца» (Жодзіна, 2017). Заснавальнік хору і яго нязменны кіраўнік Віталь Сабалеўскі мае не толькі спецыяльную музычную, але і вышэйшую багаслоўскую адукацыю.

Май стаў для мітрапалічага хору трыумфальным месяцам: калектыў заняў другое месца ў катэгорыі «прафесійныя хоры» на XXVIII Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2019» у Беластоку (Польшча). Акрамя гэтага, Віталь Сабалеўскі быў удастоены звання лепшага дырыжора.

Church.by