Мітрапаліт Павел: Кажучы пра эпоху мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), мы заклікаем усіх захоўваць мір на беларускай зямлі

20 сакавіка 2018

top.jpg

У 2018 годзе спаўняецца 220 гадоў з дня нараджэння і 150 гадоў з дня блажэннага скону мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), ініцыятара ўз'яднання беларускіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой. Святкаванню юбілейных дат, звязаных з памяццю архіерэя-ўз'яднацеля, была прысвечана прэс-канферэнцыя, якая адбылася ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь 20 сакавіка 2018 года.

Удзел у сустрэчы з журналістамі ўзялі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; протаіерэй Аляксандр Раманчук, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі; Аляксандр Валер'евіч Слесараў, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі.

Мітрапаліт Павел нагадаў, што дзякуючы намаганням мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) у лона Праваслаўнай Царквы вярнуліся звыш 1,5 мільёнаў чалавек. Дзейнасць уладыкі Іосіфа спрыяла духоўнаму яднанню беларускага народа, умацаванню міжканфесійнага міру на нашай шматпакутнай зямлі.

Па словах уладыкі Экзарха, адна з галоўных задач цяперашніх юбілейных урачыстасцяў — заклікаць людзей памятаць аб тым, да якіх негатыўных наступстваў можа прывесці супрацьстаянне і падзел, у асаблівасці на рэлігійнай глебе, і ніколі не паўтараць памылак папярэдніх пакаленняў.

Мы ведаем пра тое, якія цяжкія выпрабаванні давялося перажыць нашым продкам. Менавіта таму беларусы ведаюць цану міру. Мы радуемся, што ў Беларусі мірна ўжываюцца людзі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Усё, што адбываецца ў нашай краіне, сведчыць свету пра добрыя памкненні сэрцаў жыхароў Беларусі. Кажучы пра эпоху мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), мы заклікаем усіх захоўваць мір і згоду на блаславёнай беларускай зямлі, — сказаў архіпастыр.

Загадчык кафедры царкоўнай гісторыі МінДС протаіерэй Аляксандр Раманчук таксама падкрэсліў, што юбілейныя ўрачыстасці, прысвечаныя памяці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), закліканы ўмацаваць у беларускім народзе асновы верацярпімасці і рэлігійнага міру. Святар адзначыў, што уладыка Іосіф — падзвіжнік, дзейнасьць якога мае для Беларускай Праваслаўнай Царквы вельмі вялікае значэнне. Тое, што сёння ў Беларусі 85% насельніцтва адносяць сябе да Праваслаўнай Царквы, з'яўляецца шмат у чым заслугай мітрапаліта Іосіфа.

Царкоўна-грамадская дзейнасць мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) аказала значны ўплыў на развіццё беларускай культуры, станаўленне беларускай нацыянальнай самасвядомасці і ў канчатковым выніку паслужыла станаўленню сучаснай беларускай дзяржаўнасці, адзначыў айцец Аляксандр. Па яго словах, маральнае і рэлігійнае аблічча ўладыкі Іосіфа бездакорныя.

Загадчык кафедры царкоўнай гісторыі МінДА Аляксандр Слесараў адзначыў, што праграма юбілейных урачыстасцяў уключае як мерапрыемствы, арыентаваныя на навуковае асэнсаванне ролі мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) у беларускай гісторыі, так і меры, накіраваныя на папулярызацыю ведаў пра жыццё Віленскага архіпастыра. У бліжэйшы час будзе завершана работа над дакументальным фільмам «Вопыт любові — вопыт адзінства. Мітрапаліт Іосіф (Сямашка)». Чакаецца выданне «Запісак» уладыкі Іосіфа. Арганізаваны выязны лекторый, у склад якога ўвайшлі найбольш прафесійныя даследчыкі жыцця мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі). У межах лекторыя ўжо праходзяць сустрэчы навукоўцаў з грамадскасцю, студэнтамі, творчай інтэлігенцыяй, прыхаджанамі храмаў. На другую палову 2018 года намечана буйная міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, удзел у якой прымуць навукоўцы-гуманітарыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы.

Church.by

Фотарэпартаж